Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла вышук патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Пра гэта паведамляе выданьне «Цензор.нет» з спасылкай на базу вышуку МУС Украіны.
Патрыярха Кірыла, як вынікае з карткі на сайце ведамства, шукаюць у справе аб замаху на тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Украіны (частка 3 артыкула 110 КК Украіны) і вядзеньні агрэсіўнай вайны (частка 2 артыкула 437 КК).
Таксама ў картцы пазначана інфармацыя аб меры стрыманьня для патрыярха Кірыла — «утрыманьне пад вартай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб завочным падазрэньні патрыярху Кірылу па трох крымінальных артыкулах- У лістападзе СБУ паведаміла аб завочным падазрэньні патрыярху Кірылу. Яму ставілі ў віну 3 артыкулы Крымінальнага кодэкса: замах на тэрытарыяльную цэласьць і недатыкальнасьць Украіны, апраўданьне ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, разьвязваньне і вядзеньне агрэсіўнай вайны.
- Патрыярх Кірыл ня раз адкрыта падтрымліваў расейскую агрэсію ва Ўкраіне і нават прачытаў папу Рымскаму Францішку 20-хвілінную лекцыю празь відэасувязь, пасьля чаго кіраўнік Каталіцкай царквы заклікаў Кірыла не апускацца да роўню «пуцінскага алтарніка».
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну патрыярх Кірыл адслужыў літургію ў галоўным храме Міністэрства абароны Расеі, казаў, што на Данбасе ідзе «мэтафізычная барацьба», і абвінавачваў улады Ўкраіны ў заахвочваньні царкоўнага расколу. Ён таксама сьцьвярджаў, што Расея ў сваёй гісторыі ніколі ні на кога не нападала.
- Патрыярх уключаны ў санкцыйныя сьпісы Вялікай Брытаніі, Канады і Чэхіі. Эстонія і Літва забаранілі яму ўезд.