Міністэрства абароны Ўкраіны назвала задачу на 2024 год

Рустэм Умераў, міністар абароны Ўкраіны

Мэтай Міністэрства абароны Ўкраіны на 2024 год будзе лякалізацыя вытворчасьці зброі ва Ўкраіне, заявіў кіраўнік украінскага вайсковага ведамства Рустэм Умераў падчас брытанска-ўкраінскай канфэрэнцыі абароннай прамысловасьці ў Кіеве.

Міністар падкрэсьліў, што Вялікая Брытанія ёсьць адным з найбуйнейшых партнэраў і хаўрусьнікаў Украіны. Ён падзякаваў за перададзеную зброю, якая дазволіла Ўкраіне выстаяць у першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, а таксама дазваляе вызваляць украінскія землі і сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына заблякавала пакет дапамогі Ўкраіне на 50 мільярдаў эўра

Паводле Ўмерава, задача Міністэрства абароны налета — лякалізаваць вытворчасьць зброі ва Ўкраіне. Ён заклікаў брытанскія абаронныя прадпрыемствы выкарыстоўваць магчымасьць баявых выпрабаваньняў узораў, а таксама хуткую зваротную сувязь ад украінскіх вайскоўцаў для празрыстай і эфэктыўнай супрацы з украінскімі вытворцамі.

«Мы зацікаўленыя ў наўпроставых угодах з брытанскімі вытворцамі, гатовыя заключаць доўгатэрміновыя кантракты», — сказаў міністар.

На наступны год ў артыкуле бюджэту «ўзбраеньне, вайсковая тэхніка і боепрыпасы» для Ўзброеных сілаў прадугледжана 255 мільярдаў грыўняў (каля 6 мільярдаў даляраў у эквіваленце).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Пуцін дарэмна «робіць стаўку» на правал ЗША ў аказаньні дапамогі Ўкраіне

Днямі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што без дапамогі саюзьнікаў Украіне давядзецца змагацца з Расеяй самастойна, як у пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.

На працягу поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай украінскія войскі залежалі ад кааліцыі краінаў пад кіраўніцтвам ЗША, якія давалі зброю і дзясяткі мільярдаў даляраў эканамічнай і сацыяльнай дапамогі. Цяпер паток амэрыканскай дапамогі блізкі да вычарпаньня — калі толькі Кангрэс ЗША не падтрымае прапановаў прэзыдэнта Байдэна.