Андрэя Дзьмітрыева ўтрымліваюць у папраўчай калёніі № 3 пад Віцебскам. У сьнежні ён меў спатканьне са сваяком, якога доўга чакаў, паведаміла Свабодзе дасьведчаная крыніца.
«Усё прайшло добра. Андрэй на здароўе ня скардзіўся, казаў, што пачуваецца нармальна. Часам займаецца спортам на стадыёне. Хваліўся, што нядаўна прабег 10 кілямэтраў за 40 хвілін. Выдатны вынік для чалавека ў ягоныя гады і ў ягоным становішчы!» — мяркуе суразмоўца.
Ад вядомага палітыка зрэдку даходзяць лісты. «Перадае ўсім вялікі-вялікі дзякуй, удзячны ўсім добрым дзеяньням і думкам пра яго, удзячны за салідарнасьць», — дадае крыніца.
Сёлета Андрэю Дзьмітрыеву прысудзілі 1,5 года калёніі паводле 1-й часткі 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Сваёй віны былы кандыдат на прэзыдэнта не прызнаў. Праваабаронцы назвалі Андрэя Дзьмітрыева палітвязьнем. Тэрмін зьняволеньня ў яго канчаецца ў красавіку 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Дзьмітрыеў у калёніі выконвае працоўную норму і вучыцца пісаць левай рукой