Reuters: Аўстрыя блякуе санкцыі ЭЗ супраць Расеі, патрабуючы прыбраць Raiffeisen Bank International з украінскага сьпісу «спонсараў вайны»

Аўстрыя патрабуе выключыць Raiffeisen Bank International з украінскага сьпісу «спонсараў вайны» у абмен на разблякаваньне 12-га пакету эўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі.

Пра гэта піша Reuters з спасылкай на дзьве крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.

Як нагадвае «Настоящее время», у кастрычніку міністар замежных справаў Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг адкрыта раскрытыкаваў украінскі «чорны сьпіс». Raiffeisen Bank International — адзіная аўстрыйская кампанія ў ім.

Некаторыя кампаніі былі выключаныя са сьпісу, у тым ліку вугорскі OTP Bank, што выклікала раздражненьне аўстрыйскіх чыноўнікаў і Raiffeisen.

«Мы лічым несправядлівым тое, што мы знаходзімся ў сьпісе», — заявіў прадстаўнік банку.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну Raiffeisen Bank International заяўляла, што мае намер пакінуць расейскі рынак. Пры гэтым разглядалі два варыянты: продаж расейскіх актываў альбо аддзяленьне іх ад асноўнай групы. Пазьней стала вядома, што аўстрыйская фінансавая група заплянавала аддзяленьне актываў на канец 2023 году. У 2022 годзе Raiffeisen Bank атрымаў прыбытак каля 3,8 млрд эўра, пры гэтым каля 2 млрд эўра група атрымала з Расеі. Расейскія фундатары за год разьмясьцілі ў банку больш за 20 млрд эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Raiffeisen Bank з дапамогай ураду Аўстрыі адкладае выхад з расейскага рынку ў чаканьні канца вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстрыя выдаткуе 2 млн эўра на разьмінаваньне ўкраінскіх тэрыторый