Грузія атрымае статус кандыдата ў сябры Эўразьвязу. З Малдовай і Ўкраінай пачнуць перамовы

Саміт ЭЗ прыняў рашэньне надаць Грузіі статус кандыдата на ўступленьне ў аб’яднаньне. Пра гэта ў сацыяльнай сетцы Х (былым Твітэры) паведаміў кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Акрамя таго, Эўрапейская рада прыняла рашэньне пачаць перамовы аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз, а з Босьніяй і Герцагавінай перамовы пачнуцца, як толькі будзе дасягнутая «неабходная ступень адпаведнасьці крытэрам сяброўства», адзначыў Мішэль.


Як нагадвае «Настоящее время», напярэдадні Эўрапарлямэнт зацьвердзіў рэзалюцыю, якая заклікае Эўрапейскую раду пачаць перамовы аб уступленьні з Украінай, Малдовай і Босьніяй і Герцагавінай, а Грузіі надаць статус кандыдата.

13 сьнежня прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода заявіла, што калі Эўразьвяз адмовіць краіне ў статусе кандыдата, гэта будзе «паразай для Грузіі і перамогай для Расеі».

У праекце рашэньняў саміту, якія атрымала Свабода (яны яшчэ прынятыя ня ў поўным абʼёме) тройчы ўзгадваецца Беларусь.

  • Эўразьвяз заклікае Менск (і Маскву) вярнуць ва Ўкраіну незаконна дэпартаваных і вывезеных украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў.
  • Эўразьвяз асуджае працяг вайсковай падтрымкі агрэсіўнай вайны Расеі з боку Беларусі, Ірану і КНДР.
  • ЭЗ асуджае інструмэнталізацыю мігрантаў у палітычных мэтах і заяўляе аб рашучасьці супрацьстаяць гібрыдным нападам на сваіх вонкавых межах, якія працягваюць арганізоўваць Расея і Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што брак зялёнага сьвятла на дарозе краіны ў Эўразьвяз будзе азначаць перамогу Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расказваем, што ў праекце рашэньняў саміту Эўразьвязу напісана пра Беларусь і пра ўступленьне ў ЭЗ Украіны, Малдовы і Грузіі