Згодна з новаўвядзеньнямі, КДБ будзе мець больш паўнамоцтваў. Тэксты паправак зьявіліся на Нацыянальным праўным партале.
Папраўкі датычацца ў тым ліку закону «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі». Раней супрацоўнікі КДБ ня мелі права ўжываць зброю «пры значнай колькасьці грамадзян, калі ад гэтага могуць пацярпець староньнія асобы». Акрамя таго, страляць нельга было ў кірунку складоў з запальнымі або атрутнымі рэчывамі. Забаронена ўжываць зброю было і супраць жанчын, а таксама людзей з інваліднасьцю і непаўналетніх.
У новай рэдакцыі закону першых двух пунктаў ня будзе, то бок супрацоўнікі КДБ атрымаюць права страляць у натоўпе і ў кірунку складоў з запальнымі рэчывамі. Пункт, які тычыцца ўжываньня зброі супраць жанчын і людзей з інваліднасьцю, зьмянілі. Раней стасаваць зброю можна было выняткова, калі чыніцца ўзброены напад. У новай рэдакцыі дадалі яшчэ адно выключэньне — у «іншых дзеяньнях, якія пагражаюць жыцьцю або здароўю грамадзян».
Прынятыя папраўкі дазваляюць для «контратэрарыстычнай дзейнасьці» залучаць інкасатарскія службы.
Інкасатарам могуць даручыць ахову аб’ектаў, суправаджэньне транспарту і гарантаваньне бясьпекі людзей. Ужываць сілу і зброю яны змогуць нароўні з ваенізаванай аховай.
Законапраект ухваліў Савет Рэспублікі, зараз яго павінен падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Ён набудзе моц з 1 студзеня 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «КДБ можа любога разыграць „уцёмную“». Экс-алмазавец Макар пра заявы Тэртэля, сваркі апазыцыі і затрыманага ФСБ беларуса ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнт Берасьцейскага ўнівэрсытэту расказаў, як сілавікі праводзілі рэйд у інтэрнаце і галоўным корпусе