Паводле зьвестак арганізацыі, у няволі ў Кітаі, М'янме, Беларусі і Віетнаме знаходзіцца больш за палову журналістаў сьвету.
У турме за сваю дзейнасьць цяпер знаходзіцца 521 журналіст, падлічылі аўтары дакладу.
Больш за ўсё зьняволеных у Кітаі (121) і Мʼянме (68).
У Беларусі з улікам тых, хто вызваліўся з калёніі, – 39 журналістаў (32 яшчэ ў зьняволеньні), гэта на сем чалавек больш, чым у 2022 годзе.
Беларусь зьяўляецца краінай з самай вялікай колькасьцю затрыманых жанчын-журналістак (10) пасьля Кітаю (14), вынікае з справаздачы «Рэпартэры бязь межаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыю ў падтрымку зьняволеных беларускіх журналістаў правялі ў Канадзе. ФОТАГарэцкі: інфармацыя пра зьняволеных журналістаў няпоўная
Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў інтэрвію Свабодзе выказаў падзяку «Рэпартэрам бяз межаў»:
«Разам зь імі і многімі іншымі журналісцкімі арганізацыямі ў сьвеце мы разам правялі сёлета больш чым у 20 краінах акцыі Маратону салідарнасьці, пачынаючы ад Аўстраліі і да Таронта ў Канадзе, дзе прадстаўнікі гэтых арганізацый праводзілі акцыі з партрэтамі нашых зьняволеных калегаў».
Паводле Гарэцкага, гэтыя лічбы актуалізуюць праблему зьняволеных журналістаў у сьвеце, паказваюць, што ў гэтай канкрэтнай краіне балючая праблема, якая гарыць чырвоным колерам.
Цяпер у сьпісе зьняволеных беларускіх журналістаў 33 чалавекі. Але гэта няпоўная інфармацыя, кажа Гарэцкі:
«Мы ведаем шэраг іншых людзей, якія знаходзяцца за кратамі. Але яны просяць не паведамляць пра гэта публічна. Таму іх папраўдзе больш. 2023 год быў годам судоў, калі судзілі журналістаў, а на месца тых, хто выйшаў на волю, улады набралі чарговую партыю закладнікаў».
Прыкрасьць сытуацыі ў тым, што ўлады саджаюць і людзей, якія ўжо не працуюць у СМІ, пакінулі прафэсію і публічна заявіла пра гэта.
«Але за мінулую працу іх рэпрэсуюць, як гэта было са сьветлагорскім выданьнем „Ранак“, як гэта было з Ларысай Шчыраковай, якая публічна сказала, што пакідае прафэсію».
«Рэжым Лукашэнкі вядзе плянамерную непрыхаваную барацьбу, ці нават можна сказаць вайну, з прадстаўнікамі мэдыя. Журналістаў у Беларусі рэпрэсуюць паводле прафэсійнай прыкметы. Нашы калегі не зрабілі і не напісалі нічога крымінальнага, а проста выконвалі сваю працу, як Генадзь Мажэйка ці іншыя журналісты, якія асьвятлялі пратэсты.
Рэжым Лукашэнкі вызначыў сваёй мэтай і ахвярай журналістаў, бо ён зьвязвае падзеі ў краіне з мэдыя, з інфармацыяй, з асьвятленьнем праблем. Зразумела, што не журналісты кіравалі пратэстамі, але хісткасьць рэжыму Лукашэнкі выявілася пры павелічэньні інфармацыйных тэхналёгій. Ён гэтага прыняць ня можа і вінаваціць у гэтым журналістаў. Ніхто з нашых калег, хто знаходзіцца за кратамі, не зрабіў нічога крымінальнага, усе яны прызнаныя палітычнымі вязьнямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З райвыканкамам у нас заўсёды былі канструктыўныя адносіны». Як непалітычны «Ранак» стаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назвалі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру. Сярод іх журналісты Свабоды