У СК расказалі, ад імя каго рассылалі паведамленьні пра «атакі на школы» ў Салігорску і прычым тут «сватынг»

12 сьнежня ў групах Салігорску сталі распаўсюджваць інфармацыю, якая зьявілася ў тэлеграм-канале «Солигорская игра», пра нібыта «падрыхтоўку да ўзброеных атак на школы горада», што выклікала занепакоенасьць мясцовых жыхароў. У міліцыі назвалі паведамленьні фэйкам.

13 сьнежня Сьледчы камітэт заявіў, што «ўстанавіў асобу падлетка, ад імя якога рассылалі паведамленьні». Паводле ведамства, іх рассылалі ад імя 15-гадовага школьніка зь Менску, які «не чакаў візыту супрацоўнікаў міліцыі, бо толькі ад іх даведаўся пра нібыта падрыхтоўку сцэнароў з прымяненьнем зброі».

Паводле СК, напярэдадні падлетку ў Telegram прыйшло паведамленьне з заклікам уступіць закрыты гульнявы чат Салігорску, якое ён праігнараваў. Менавіта ў гэтым чаце і знайшлі паведамленьні ад яго імя пра нібыта «падрыхтоўку ўзброенага нападу на мясцовыя школы».

Як адзначылі ў СК, падлетак стаў ахвярай так званага сватынгу. Сватынг (ад ангельскай абрэвіятуры SWAT) — гэта тактыка, якая заключаецца ва ўвядзеньні паліцыі ў зман з дапамогай фальшывых паведамленьняў пра сур’ёзныя правапарушэньні (закладаньне бомбы, забойства, захоп закладнікаў і г.д.) так, каб па адрасе іншай асобы выехала штурмавая група.

Салігорскі раённы аддзел СК завёў крымінальную справу паводле ч.1 арт. 340 КК («Сьвядомае лжывае паведамленьне пра небясьпеку») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер спрабуюць высьветліць, хто рассылаў паведамленьні. Паводле СК, іх рассылалі «з абанэнцкага нумара замежнай дзяржавы».

Варта адзначыць, што ў паведамленьнях пра нібыта «атакі на школы» ў тэлеграм-канале «Солигорская игра» пакідалі кантакт у Watsapp нейкага «Ільлі». Як высьветліла «Наша ніва», «Ільля» сапраўды існуе — гэта менскі школьнік Ільля па мянушцы Mefi. «Калі меркаваць па апісаньні акаўнтаў, раней ён займаўся „доксінгам“ — пошукам інфармацыі пра людзей і іхнай дэананімізацыяй», адзначае выданьне, і «мяркуючы па ўсім, ён насаліў даволі шмат каму ў інтэрнэце, бо яго акаўнт правяралі ў ботах сотні разоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гімназіі Бранску школьніца ўчыніла стральбу, а пасьля сама застрэлілася