«Праца па выключэньні лацінкі з найменьняў геаграфічных абʼектаў у нашай вобласьці практычна завершаная», — паведаміла 13 сьнежня першая намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня землеўпарадкаваньня Ганна Прыкота.
Яна адзначыла, што прыбраць лацінку ў назвах геаграфічных абʼектаў да канца 2023 году даручыў Аляксандар Лукашэнка.
«Як паказала абсьледаваньне ўсіх населеных пунктаў і сеткі аўтамабільных дарог, у Добрускім, Ельскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лоеўскім, Нараўлянскім, Кастрычніцкім, Петрыкаўскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім, Сьветлагорскім і Чачэрскім раёнах назвы на лацінцы адсутнічалі. У астатніх такія знакі знайшліся, але на сёньня ўжо замененыя», — адсправаздачылася чыноўніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надпісы лацінкай у Беларусі пачалі прыбіраць і з указальнікаў на трасах- Сёлета ў красавіку была прынятая ўрадавая пастанова «Аб перадачы назваў геаграфічных аб’ектаў зь беларускай і расейскай моваў на іншыя мовы». Пасьля гэтага беларуская лацінка зьнікла са станцыяў мэтро і прыпынкаў грамадзкага транспарту ў Менску. У кастрычніку вулічныя паказальнікі з лацінкай пачалі дэмантаваць і ў Горадні.
- Скасаваньня паказальнікаў на лацінцы дамагаліся прарасейскія і праўладныя актывісты і блогеры на чале з Вольгай Бондаравай і Юліяй Дударэнкай. Пытаньне аб адмове ад лацінкі паднялі яшчэ ў сьнежні 2022 году ў сувязі са «зваротамі грамадзян». Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка заяўляў, што выкарыстаньне лацінкі ў беларускіх тапонімах накідае «заходнія лібэральныя каштоўнасьці і культурныя традыцыі».
- Лацінка з дыякрытычнымі (надрадковымі) знакамі выкарыстоўвалася паводле закону ў адпаведнасьці з пастановай Дзяржаўнага камітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 годк № 15 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту».