У сталіцы Баўгарыі пачалі дэмантаваць помнік Савецкай арміі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Фрагмэнт помніку Савецкай арміі ў Сафіі, расьпісаны актывістамі ў знак пратэсту супраць маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. 28 лютага 2022

Рэгіянальныя ўлады ў Сафіі пачалі дэмантаж манумэнта савецкай эпохі, у якім цэнтральнае месца займала постаць салдата.

Помнік у Сафіі быў узьведзены ў 1954 годзе і складаўся з трох бронзавых скульптур: савецкага салдата, маці зь дзіцем і рабочага.

Улады патлумачылі знос помніка меркаваньнямі бясьпекі, пасьля таго як экспэрты знайшлі буйныя расколіны ў структуры.

«Рэгіянальныя ўлады вырашылі дэмантаваць помнік Савецкай арміі, пасьля таго як дасьледаваньне паказала, што ён небясьпечны для мясцовых жыхароў», — паведаміла губэрнатарка Вяра Тодзева.

Пасьля дэмантажу помнік будзе выстаўлены ў Музэі сацыялістычнага мастацтва.

Помнік неаднаразова станавіўся аб’ектам замахаў невядомых мастакоў, якія размалёўвалі гарэльефы ў ружовы колер, апраналі іх у касьцюмы супэргерояў або размалёўвалі ў жоўта-блакітныя колеры ўкраінскага сьцяга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве пачалі дэмантаваць помнік камандзіру Чырвонай арміі Мікалаю Шчорсу
  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіне масава мяняюць назвы населеных пунктаў, вуліц, сквэраў і паркаў, а таксама прыбіраюць помнікі і мэмарыяльныя дошкі, зьвязаныя з Расеяй або Савецкім Саюзам. У сакавіку Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон, які забараняе даваць геаграфічным аб'ектам назвы, зьвязаныя з Расеяй.
  • Пазбаўляцца савецкіх помнікаў апошнім часам сталі і іншыя краіны – суседзі Беларусі — Літва, Латвія і Эстонія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Эстоніі рэкамэндавалі зьнесьці 244 савецкія помнікі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве забаранілі прапаганду таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Дэмантуюць усе знакі з фасадаў будынкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні дэмантавалі помнік савецкім салдатам і вырашылі зьнесьці Дом Масквы. ФОТА, ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сталіцы Латвіі дэмантавалі помнік расейскаму паэту Пушкіну. ФОТА