Як стала вядома «Люстэрку», у «дармаедзкія» камісіі пры райвыканкамах паступіў праект закону, які значна абмяжуе магчымасьці тых, хто не выплачвае падаткаў у бюджэт Беларусі.
Дакумэнт праходзіць пад грыфам «для службовага карыстаньня», але «Люстэрку» стала вядома, што зьмены тычацца крытэраў, паводле якіх людзі лічацца «занятымі ў эканоміцы», і аб’ёму сацыяльных паслуг.
Цяпер занятымі ў эканоміцы лічацца індывідуальныя прадпрымальнікі, але сума падаткаў, якую ім трэба плаціць, не прапісаная. Такім чынам, нават тыя ІП, якія не аплочваюць падаткаў, адносяцца да «занятых у эканоміцы» і плацяць за камунальныя паслугі па льготных тарыфах.
Цяпер льготу па камунальных тарыфах маюць і тыя, хто вырошчвае на сваім прысядзібным участку прадукцыю для продажу. Каб пацьвердзіць гэты факт, дастаткова было даведкі ад сельсавета. Магчыма, такіх людзей не будуць прызнаваць занятымі ў эканоміцы і ім таксама прыйдзецца плаціць поўны кошт камунальных паслуг, паведамляе «Люстэрка».
Таксама да «Люстэрка» прыйшла інфармацыя, што тыя, хто трапіў у базу «дармаедаў», то бок не занятых у эканоміцы, будуць абмежаваныя ў бясплатных мэдыцынскіх паслугах. На бясплатнай аснове ім будзе аказвацца толькі экстраная мэдычная дапамога. Як будзе рэалізавана такая норма закону, пакуль незразумела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абнавілі базу дармаедаў. Ці трапілі ў яе палітычныя ўцекачы і зьняволеныя?Барацьба з «дармаедамі»
Імкненьне дзяржавы павысіць аб’ёмы падаткаў і паменшыць сацыяльную нагрузку на бюджэт вядомае даўно. Яшчэ ў 2015 годзе Лукашэнка прыняў так званы «дармаедзкі» дэкрэт, які абавязваў усіх незанятых у эканоміцы плаціць падатак.
Тады па краіне прайшоў шэраг акцый пратэсту, людзі не плацілі гэты падатак, і ў 2017 годзе Лукашэнка падпісаў новы варыянт дэкрэту, якім вызваліў некаторыя катэгорыі платнікаў ад «дармаедзкага» падатку. Але людзі зноў гэты падатак не плацілі, і ў 2019 годзе замест «дармаедзкага» падатку ўвялі поўную кампэнсацыю цэнаў на камунальныя паслугі.
Пазьней урад удакладняў, хто зьяўляецца «асобамі, не занятымі ў эканоміцы». Імі з 2022 году прызнаныя і тыя, хто працуе за межамі Беларусі, калі гэта не краіна кЭАЭС. Цяпер, відавочна, сьпіс гэтых асобаў хочуць пашырыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйды па кватэрах зь міліцыяй, паседжаньні ў РАУС: у Беларусі актывізаваліся «дармаедзкія» камісіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы падатак на «дармаедаў»? Падатковай плянуюць дазволіць правяраць памер «падораных сродкаў»