Гэта стала вядома 12 сьнежня падчас пасяджэньня працоўнай групы ў пытаньнях інфармацыі й мэдыя ў межах Кансультацыйнай групы «Эўразьвяз – Беларусь», паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі (АПК).
«Я вельмі радая перадаць словы кіроўнага дырэктара Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Міхаэля Зыбэрта, што на падтрымку беларускай культуры асобна будзе вылучана 5 мільёнаў эўра», — паведаміла прадстаўніца АПК у нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, якая была сярод удзельнікаў працоўнай групы зь беларускага боку.
Яна адзначыла, што АПК паведаміць дадаткова, калі грошы будуць даступныя і як іх можна будзе выкарыстаць, і выказала падзяку Эўразьвязу «за дапамогу і разуменьне важнасьці гэтай тэмы для ўсіх нас».
Падчас сустрэчы працоўнай групы ў пытаньнях інфармацыі й мэдыя ў межах Кансультацыйнай групы «Эўразьвяз – Беларусь» бакі абмяркоўвалі стратэгічныя камунікацыі, падтрымку Эўразьвязам незалежных беларускіх мэдыя, процідзеяньне прапагандзе, а таксама шляхі папулярызацыі эўрапейскіх каштоўнасьцяў у беларускім грамадзтве, адзначае прэс-служба АПК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі пачалося паседжаньне кансультацыйнай групы «Эўразьвяз – Беларусь»- 12 лістапада ў Брусэлі пачалося другое паседжаньне кансультацыйнай групы «Эўразьвяз – Беларусь». Зь беларускага боку ў ім бяруць удзел прадстаўнікі АПК, Офісу Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, штабу Бабарыкі, Прэс-клюбу, беларускіх праваабаронцаў, моладзевая асацыяцыя РАДА, з эўрапейскага боку — прадстаўнікі Эўракамісіі, службы вонкавых дзеяньняў ЭЗ, статыстычны камітэт Эўразьвязу і іншыя службоўцы, якія займаюцца міжнароднымі пытаньнямі.
- Мэта сустрэчы — стварыць канкрэтны плян супольных дзеяньняў ЭЗ і беларускіх дэмакратычных сілаў у 2024 годзе.
- На парадку дня наступныя тэмы: як абараніць незалежнасьць Беларусі, як зрабіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі больш эфэктыўнымі, як прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці, як вызваліць палітвязьняў, як павялічыць мабільнасьць беларусаў, як падтрымаць грамадзянскую супольнасьць і незалежныя СМІ, а таксама пытаньне эўрапейскага выбару Беларусі.