Намесьнік старшыні кіроўнай партыі Yeni Azərbaycan («Новы Азэрбайджан») Таір Будагаў заявіў, што гэтая палітычная сіла вылучыць дзейнага прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева сваім кандыдатам на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах.
«Кандыдатам кіроўнай партыі Yeni Azərbaycan на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах 7 лютага 2024 году будзе Ільхам Аліеў. Праўленьне партыі зьбіраецца дапрацаваць плян мерапрыемстваў у сувязі з пазачарговымі выбарамі. Час пасяджэньня будзе абвешчаны неўзабаве», — працытавала«Эхо Каваказа» Таіра Бадагава.
Паводле азэрбайджанскага агенцтва АПА, Будагаў таксама заявіў:
«Доўгі час усе казалі, што хто вызваліць Карабах, той і будзе нашым вечным прэзыдэнтам. Мяркую, што Ільхам Аліеў за 20 гадоў сваёй палітыкі, служэньня азэрбайджанскаму народу, за вызваленьне акупаваных тэрыторый заслужыў гэтую пасаду. Такую думку мае кожны патрыёт Азэрбайджану. На пасяджэньні праўленьня (партыі) кожны выкажа сваё меркаваньне».
Сам Ільхам Аліеў пасьля прызначэньня пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў на 7 лютага 2024 году яшчэ не выказваўся аб сваім удзеле ў выбарчай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Азэрбайджане на 7 лютага прызначылі пазачарговыя прэзыдэнцкія выбарыШто вядома пра цяперашняга прэзыдэнта Азэрбайджану
Упершыню Ільхама Аліева выбралі прэзыдэнтам Азэрбайджану ў 2003 годзе. Спачатку ён скасаваў абмежаваньне балятавацца ў прэзыдэнты пасьля двух тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе, а потым павялічыў з 5 да 7 гадоў тэрмін знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта. Палітолягі перакананыя, што Ільхам Аліеў мае намер перадаць прэзыдэнцтва свайму сыну Гейдару Аліеву, якому налета споўніцца 27 гадоў.
У Ільхама Аліева ёсьць яшчэ дзьве дачкі: Лэйла (39 гадоў, віцэ-прэзыдэнт Фонду Гейдара Аліева) і Арзу (35 гадоў, кінапрадусар і рэжысэрка).
У лютым 2020 году ў Азэрбайджане прайшлі пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Кіроўная партыя Yeni Azərbaycan («Новы Азэрбайджан») пад кіраўніцтвам Ільхама Аліева абвясьціла аб сваёй перамозе. Апазыцыя тады заявіла, што ўлады сфальсыфікавалі вынікі выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліеў падняў сьцяг Азэрбайджану над былым цэнтрам Нагорнага КарабахуШто папярэднічала
Сёлета Азэрбайджан усталяваў кантроль над Нагорным Карабахам.
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
У лістападзе 2023 году Азэрбайджан заклікаў Армэнію правесьці сустрэчу на дзяржаўнай мяжы для працягу перамоў аб мірнай дамове.
У адказ Міністэрства замежных спраў Армэніі заклікала Азэрбайджан правесьці сустрэчу для дэлімітацыі дзяржаўнай мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія дамовіліся аб абмене палоннымі. У ЗША назвалі гэта важным крокам да мірнай дамовы