Польскія перавозьнікі з пачатку лістапада блякавалі тры памежныя пункты на мяжы з Украінай: у Грабенным, Дарагуску і Карчовай.
Віцэ-прэм’ер-міністар, міністар разьвіцьця грамадаў, тэрыторый і інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў заявіў, што Польшча разблякавала працу свайго першага пункту пропуску.
«Блякада пункту пропуску Ягадзін — Дарагуск завершана. З 14.00 там аднавілі стабільны рух грузавікоў. У кірунку Ўкраіны праехалі 15 транспартных сродкаў — яны на пункце пропуску, таксама 25 грузавікоў афармляюць, яны паедуць у бок Польшчы», — паведаміў Аляксандар Кубракоў на сваёй старонцы ў Facebook.
Украінскі віцэ-прэм’ер нагадаў, што блякада руху грузавога транспарту працягвалася больш за месяц.
«Мяжа мусіць быць разблякавана цалкам, а далейшае блякаваньне не дапускацца. Працуем далей, улічваючы інтарэсы нашых перавозьнікаў і дзяржавы», — падкрэсьліў Аляксандар Кубракоў.
Аб сытуацыі на іншых пунктах пропуску на мяжы з Польшчай, якія таксама блякавалі польскія перавозьнікі, украінскі віцэ-прэм’ер не паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія дальнабойнікі блякуюць памежныя пункты на мяжы з УкраінайПольскія перавозьнікі з пачатку лістапада заблякавалі тры памежныя пункты на мяжы з Украінай: у Грабенным, Дарагуску і Карчовай. Яны прапускаюць з Украіны і ва Ўкраіну толькі па адным вялікагрузным аўтамабілі за гадзіну. Вынятак быў для машын, якія везьлі грузы для войска, гуманітарную дапамогу, а таксама прадукты, якія хутка псуюцца, і жывёлу.
Аналягічныя пратэсты адбываюцца і на мяжы з боку Славаччыны. Польскія і славацкія перавозьнікі патрабуюць вяртаньня да дазвольнай сыстэмы для ўкраінскіх перавозьнікаў. Яна была скасаваная на рашэньне Эўразьвязу пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна падала пазовы ў СГА супраць Польшчы, Вугоршчыны і Славаччыны за блякаваньне транзыту ўкраінскай аграпрадукцыі ў ЭЗ