Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі заявіў, што «прыняў да ўвагі» рашэньне выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту ад 8 сьнежня аб допуску беларускіх спартоўцаў да XXXIII Алімпіяды 2024 году ў Парыжы ў нэўтральным статусе.
«Мы вітаем допуск да Гульняў у Парыжы-2024 беларускіх спартоўцаў, аднак прынятае рашэньне не задавальняе інтарэсы беларускай спартовай супольнасьці ў поўнай меры. Існыя строгія абмежаваньні, уключаючы ўдзел у спаборніцтвах без нацыянальных сымбаляў, абмежаваную колькасьць кваліфікацыйных спаборніцтваў, нядопуск спартоўцаў, якія выступаюць у камандных відах — усе гэтыя ўмовы па-ранейшаму зьяўляюцца вельмі дыскрымінацыйнымі ў адносінах да атлетаў нашай краіны», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні НАК Беларусі.
У арганізацыі заявілі, што чакаюць ясных тлумачэньняў ўмоў доступу да ўдзелу ў пакінутых кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы ня толькі з боку МАК, але і міжнародных фэдэрацый як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: Крэмль будзе выкарыстоўваць кожнага расейскага і беларускага спартоўца ў якасьці зброі сваёй прапагандыЛатушка заклікаў прыпыніць прызнаваць НАК Беларусі
Рашэньне выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дапусьціць спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы «ня носіць выключнай навізны», заявіў у камэнтары «Позірку» намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.
Паводле яго, «так званыя строгія крытэры» допуску спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да міжнародных стартаў былі прыняты МАК яшчэ 28 сакавіка 2023 году.
«Наша стратэгія ў галіне спартовай дыпляматыі і падыход да Алімпійскіх гульняў ня зьведалі значных зьмяненьняў», — цытуе яго «Позірк».
Сваю тэзу «Алімпійскія гульні ў абмен на палітычных зьняволеных» Латушка назваў «цэлай канструкцыяй унутраных рашэньняў, практычных мер, палітычнай пазыцыі і дыпляматычных крокаў», якая ўключае ў сябе «шэраг канкрэтных юрыдычна значных дзеяньняў, якія павінны быць прыняты для таго, каб зьявілася магчымасьць фармуляваньня перамоўнай пазыцыі».
З аднаго боку, лічыць ён, «неабходна дамагацца прыпыненьня прызнаньня НАК Беларусі, пашыраць і рабіць эфэктыўнымі санкцыі ў дачыненьні да асобных нацыянальных фэдэрацый, якія крытычна парушаюць правы чалавека», частка якіх, «паводле папярэдніх ацэнак», удзельнічае «і ў ваенных злачынствах рэжыму Лукашэнкі».
Латушка заклікаў працягнуць практыку «пэрсанальных санкцый у дачыненьні да спартовых чыноўнікаў, якія рэалізуюць палітыку рэпрэсій і дыскрымінацыі», узмацненьня абмежавальных мер у дачыненьні да «спартоўцаў-прапагандыстаў, а таксама спартоўцаў, афіляваных з ваенізаванымі структурамі.
З другога боку, адзначыў палітык, НАУ працуе над тым, каб да міжнародных стартаў былі дапушчаныя «тыя нямногія свабодныя спартоўцы Беларусі, якія яшчэ працягваюць сваю прафэсійную карʼеру».
«Тут мы ня толькі хадайнічаем аб прызнаньні прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі легітымнымі прадстаўнікамі свабоднага спорту з усімі правамі, якія вынікаюць, але і вядзём перамовы над увядзеньнем інстытуту дзяржаўнага патранажу для матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі свабодным спартоўцаў», — адзначыў Латушка.
Палітык падкрэсьліў, што Алімпійскія гульні зьяўляюцца «найважнейшай часткай карʼеры спартоўца». Разам з тым, паводле яго , НАУ мае намер дабівацца допуску «свабодных беларускіх спартоўцаў на іншыя міжнародныя старты, уключаючы чэмпіянату і кубкі сьвету».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія лёгкаатлеты ня змогуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях-2024 — міжнародная фэдэрацыя не зьняла забарону- 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нэўтральным статусе.
- У той жа час, згодна з дакумэнтам, чыноўнікі і дзяржаўныя службоўцы абедзьвюх краін ня будуць запрошаныя або акрэдытаваныя на Алімпіяду, роўна як і «каманды спартоўцаў зь беларускім або расейскім пашпартам». Пад забаронай застаюцца гімн, сьцяг адпаведнай колеравай гамы і якія-небудзь іншыя сымбалі Беларусі і Расеі.
- Пры гэтым МАК падкрэсьліў, што да ўдзелу ў АІ-2024 не будуць дапушчаны «спартоўцы і дапаможны пэрсанал», якія «актыўна падтрымліваюць» вайну супраць Украіны, маюць кантракт з расейскімі або беларускімі вайсковымі арганізацыямі або органамі нацыянальнай бясьпекі.
- Індывідуальныя спартоўцы ў нэўтральным статусе будуць запрошаны МАК і міжнароднымі фэдэрацыямі ў адпаведных відах спорту. Адзначаецца, што «сярод 4600 спартоўцаў з усяго сьвету, якія прайшлі кваліфікацыю на Парыж-2024, ёсьць толькі 11 індывідуальных нэўтральных спартоўцаў (8 з расейскім і 3 зь беларускім пашпартам)».
- Беларусь была фактычна адхіленая ад міжнароднага спорту неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, падтрыманага афіцыйным Менскам.
- 2 сьнежня падчас слуханьняў КС, якія адбыліся ў Варшаве ў пытаньнях выпрацоўкі стратэгіі вызваленьня палітвязьняў, Латушка прапанаваў разгледзець пытаньне аб допуску беларускіх спартоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, да Алімпійскіх гульняў 2024 года ў абмен на вызваленьне хаця б часткі палітвязьняў. Паводле Латушкі, пасярэднікамі ў перамовах з афіцыйным Менскам у гэтым пытаньні павінны быць «трэція краіны», якія «паціскаюць рукі Лукашэнку» і гатовы зь ім размаўляць без сустрэчных патрабаваньняў. Краіны Захаду ўдзельнічаць у гэтым не павінны: на думку палітыка, на дадзеным этапе іх ня трэба далучаць да якіх-небудзь перамоўных працэсаў аб адмене санкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі алімпійскі камітэт будзе змагацца, каб беларускія спартоўцы ўсё ж ня ўдзельнічалі ў Алімпіядзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Допуск спартоўцаў зь Беларусі і РФ на Алімпіяду: рэакцыя з Украіны