Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія лёгкаатлеты ня змогуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях-2024 — міжнародная фэдэрацыя не зьняла забарону


Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў Сэбастыян Коў, архіўнае фота
Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў Сэбастыян Коў, архіўнае фота

Нягледзячы на рашэньне МАК дапусьціць беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду ў Парыжы ў індывідуальным нэўтральным статусе, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў застаецца цьвёрдай у сваім рашэньні не дапускаць беларускіх і расейскіх лёгкаатлетаў да спаборніцтваў, нават у нэўтральным статусе.

Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў Сэбастыян Коў заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Парыжы, што ні расейскія, ні беларускія лёгкаатлеты ня будуць выступаць у якасьці нэўтральных спартоўцаў у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.

«У Парыжы вы зможаце ўбачыць нэўтральных спартоўцаў з Расеі і Беларусі, але гэта будзе ня лёгкая атлетыка», — заявіў Коў.

Раней Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў у афіцыйнай заяве падкрэсьліла, што ўсе спартоўцы, дапаможны пэрсанал і афіцыйныя асобы зь Беларусі і Расеі па-ранейшаму адхіленыя ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах асацыяцыі, а таксама ад правядзеньня любых міжнародных ці эўрапейскіх лёгкаатлетычных мерапрыемстваў.

«Мы працягнем сачыць за сытуацыяй, але калі не адбудзецца сур’ёзных зьменаў у абставінах паміж цяперашнім момантам і Алімпійскімі гульнямі, гэтае выключэньне будзе распаўсюджвацца на Парыж 2024 году», — гаворыцца ў заяве.

У ёй адзначаецца, што ў кампэтэнцыю МАК уваходзіць прыняцьце рашэньня аб тым, якія краіны запросяць для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, але «на міжнародных фэдэрацыях ляжыць адказнасьць вырашаць, якія спартоўцы ў іх відзе спорту маюць права ўдзельнічаць у спаборніцтвах».

  • 8 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў спартоўцам з беларускімі і расейскімі пашпартамі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе ў нэўтральным статусе. Каманды да ўдзелу не дапускаюцца.
  • Спартоўцаў і дапаможны пэрсанал, якія актыўна падтрымліваюць вайну або маюць дамовы зь беларускімі або расейскімі вайсковымі структурамі, органамі нацыянальнай бясьпекі, да спаборніцтваў не дапусьцяць.
  • Вядома, што на цяперашні момант кваліфікацыю прайшлі 11 нэўтральных спартоўцы зь Беларусі і Расеі (тры беларусы і восем расейцаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG