Эўрапейскі зьвяз «не забываецца пра Беларусь і яе народ», думае пра іх «ня толькі сёньня», заявіў Жузэп Бурэль, сустракаючы Сьвятлану Ціханоўскую:
«Мы працуем у цесным кантакце і вельмі добра дасьведчаныя аб усё больш складанай сытуацыі ў краіне (Беларусі), — цытуе чыноўніка Эўрапейская служба замежных дзеяньняў. — І я ўпэўнены, што міністрам будзе вельмі цікава пачуць, шаноўная Сьвятлана, вашую ацэнку сытуацыі».
«Гэта добрая нагода рашуча асудзіць рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць уласнага насельніцтва, а таксама асудзіць яго падтрымку вайны Пуціна супраць Украіны. Мы ўводзім санкцыі супраць рэжыму і яго прыхільнікаў», — дадаў ён.
Бурэль адзначыў, 11 сьнежня кіраўнікі МЗС дзяржаў ЭЗ сустрэнуцца са сваімі калегамі з краін «Усходняга партнэрства», але «крэсла для Беларусі зноў будзе пуставаць», паколькі Эўразьвяз «не прызнае тых, хто крадзе выбары і рэпрэсуе ўласны народ», а «менавіта гэта і зрабіў Лукашэнку».
Ён адзначыў, што дыскусія зь Ціханоўскай дэманструе прыхільнасьць ЭЗ да «узаемадзеяньня зь беларускім народам у адсутнасьці магчымасьці зрабіць гэта з афіцыйнымі ўладамі».
Паводле яго, ЭЗ акажа беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычным сілам дадатковую фінансавую падтрымку ў памеры 30 млн эўра. Такім чынам, зьвярнуў увагу эўрапейскі чыноўнік, аб’ём аказанай ЭЗ з 2020 году дапамогі дасягне 140 млн эўра.
«Я ведаю, дарагая Сьвятлана, што гэта кропля вады ў акіяне патрэбаў беларускага народу і апазыцыі, але мы робім усё магчымае, каб падтрымаць вас, — сказаў Бeрэль. — Я таксама хачу скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб заклікаць рэжым вызваліць усіх палітычных зьняволеных, спыніць рэпрэсіі, пачаць інклюзыўны нацыянальны дыялёг і арганізаваць дэмакратычныя выбары».
«Я ведаю, што гэта голас у пустыні, Лукашэнка не захоча мяне слухаць, але ЭЗ і міжнародная супольнасьць павінныя яшчэ раз заклікаць спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітычных зьняволеных і прызначыць свабодныя дэмакратычныя выбары», — падсумаваў вярхоўны прадстаўнік у замежных справах і палітыцы бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская наведае Бэльгію для ўдзелу ў пасяджэньнях кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу і кансультатыўнай групы ЭЗ — БеларусьСьвятлана Ціханоўская ў сваю чаргу зрабіла заяву падчас сумеснага брыфінгу з Бурэлем, а таксама выступіла з прамовай перад міністрамі замежных спраў ЭЗ.
«Маё галоўнае пасланьне: ЭЗ мусіць распрацаваць комплексную стратэгію па абароне незалежнасьці Беларусі і вывесьці краіну на шлях дэмакратычнага разьвіцьця. Для гэтага важна закрыць шчыліны ў санкцыях, прыцягнуць да адказнасьці паплечнікаў Лукашэнкі, а таксама падтрымаць беларускі дэмакратычны рух і палітвязьняў», — заявіла Ціханоўская.
Дэмакратычныя перамены ў Беларусі стануць вялізным ударам па Расеі і лепшай дапамогай Украіне, бо лёсы Беларусі і Украіны пераплецены, лічыць беларуская палітык.
«Мы просім эўрапейскіх міністраў рашуча адвергнуць так званыя выбары Лукашэнкі ў 2024 годзе. Гэта фэйк і фарс. Мы прапануем увесьці санкцыі супраць Расеі за падрыў незалежнасьці Беларусі. Мы прапануем пачаць расьсьледаваньне злачынстваў Лукашэнкі, у тым ліку — па факце выкраданьня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня палітычных зьняволеных, і ў першую чаргу тых, хто знаходзіцца ў цяжкім стане. Мы прапануем уключыць у санкцыйны сьпіс судзьдзяў, пракурораў, прапагандыстаў, а таксама вайскоўцаў, якія маюць дачыненьне да злачынстваў супраць беларусаў і ўкраінцаў», — заявіла беларуская дэмакратычная лідэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Барацьба беларусаў увасабляе каштоўнасьці Эўрапейскага зьвязу». Прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту і Ціханоўская апублікавалі сумесны артыкул ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў ЗША сустрэлася з прадстаўнікамі краін у МВФ