Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура падпісаў шэсьць указаў аб анэксіі багатага нафтай рэгіёну Гаяны — Эсэкіба, паведамляе вэнэсуэльская газэта Ultimas Noticias.
Сярод прынятых рашэньняў — ратыфікацыя новай карты Вэнэсуэлы і прызначэньне адзінага кіраўніка рэгіёну, які аб’яўлены 24-м штатам краіны і названы Гаяна-Эсэкіба.
Рашэньне аб анэксіі прынята па выніках рэфэрэндуму ў Вэнэсуэле: паводле афіцыйных зьвестак, больш за 95% тых, хто прагаласаваў, падтрымалі далучэньне Эсэкіба. Электаральныя экспэрты і СМІ гавораць пра магчымыя фальсыфікацыі і нізкую яўку. Вынікі рэфэрэндуму ЦВК Вэнэсуэлы так і не апублікавала.
Мадура заклікаў вэнэсуэльцаў асуджаць крытыкаў анэксіі «на кожнай вуліцы». «Хопіць здрадаў, хопіць пятай калёны», — сказаў ён.
Напярэдадні прэзыдэнт Гаяны Ірфаан Алі паведаміў Associated Press, што ягоны ўрад ужо зьвярнуўся да саюзьнікаў і рэгіянальных партнэраў па ваенную дапамогу.
«Калі Вэнэсуэла працягне так безразважна і авантурна дзейнічаць, рэгіён будзе вымушаны адказаць. Менавіта гэтым мы і займаемся. Мы рыхтуем рэгіянальны адказ», — сказаў Алі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напружанасьць паміж Вэнэсуэлай і Гаянай узмацняецца, ЗША праводзяць вайсковыя вучэньні- Насельніцтва Эсэкіба складае каля 125 тысяч чалавек.
- Анэксію рэгіёну асудзілі Вялікая Брытанія, Садружнасьць нацый, Карыбская супольнасьць і Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаў, адказ таксама рыхтуе Амэрыканскі агульны рынак. ЗША падтрымалі Гаяну. Бразылія выказала занепакоенасьць сытуацыяй, заявіла, што ня хоча вайны ў Паўднёвай Амэрыцы, і паведаміла пра гатоўнасьць стаць пасярэднікам у перамовах. Расея абʼявіла пра візыт Мадуры ў Маскву да канца 2023 году.
- Рэгіён Эсэкіба займае амаль тры чвэрці краіны і прыкладна роўны плошчы Тунісу. Вэнэсуэла прэтэндуе на рэгіён з 1811 году — з таго часу, як яна стала незалежнай ад Гішпаніі, а Эсэкіба дастаўся Брытаніі, калёніяй якой была Гаяна. Сытуацыя абвастрылася ў 2015 годзе, калі ў Эсэкіба былі адкрытыя радовішчы нафты і газу. У пачатку сьнежня 2023 году Міжнародны суд ААН загадаў Вэнэсуэле ўстрымацца ад любых дзеяньняў па зьмене сытуацыі ў тэрытарыяльнай спрэчцы з Гаянай.