Пуцін аб'явіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2024 годзе, паведамілі ТАСС удзельнікі цырымоніі ў Крамлі.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пацьвердзіў сваё вылучэньне на новы тэрмін. Гэта адбылося на цырымоніі ўручэньня узнагарод у Крамлі 8 сьнежня, паведамляюць у крамлёўскім пуле журналістаў.
Пасьля цырымоніі Пуцін паразмаўляў зь людзьмі, узнагароджаным званьнем Героя Расеі. Старшыня расейскага рэгіянальнага парлямэнту ў акупаваным Данецку Арцём Жога папрасіў Пуціна пайсьці на выбары. Астатнія далучыліся да просьбы, перадае зь месца падзеі карэспандэнт «Коммерсанта».
Раней Пуцін афіцыйна не пацьвярджаў, што мяркуе ўдзельнічаць у выбарах. Аднак крыніцы шэрагу СМІ паведамлялі, што ён рыхтуецца да вылучэньня.
Паводле зьвестак «Медузы» і «Вёрсткі», Крэмль паставіў перад чыноўнікамі задачу забясьпечыць прэзыдэнту больш за 80 працэнтаў галасоў падчас галасаваньня. На выбарах 2018 году яго перамогу аб'явілі з рэкордным вынікам 76,69 працэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін павялічыў штатную колькасьць войскаў РФ на 170 тысяч чалавекДля Пуціна ў выпадкку перамогі гэта будзе пяты прэзыдэнцкі тэрмін. Калі ён займаў пасаду ў першы раз, у 2000 годзе, колькасьць максымальных тэрмінаў для аднаго чалавека абмяжоўвалася двума. Акрамя таго, тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў тады складаў чатыры гады. У 2008 годзе яго пашырылі да шасьці год.
Прынятыя ў 2020 годзе папраўкі ў Канстытуцыю дазваляюць Пуціну абрацца і ў шосты раз пасьля пятага, у гэтым выпадку тэрмін яго паўнамоцтваў скончыцца ў 2036 годзе.
Пуціна перавыбіралі на пасаду кіраўніка краіны чатыры разы (ён кіраваў у пэрыяд 2000–2008 і кіруе з 2012 году).
Савет Фэдэрацыі Расеі раней прызначыў выбары прэзыдэнта Расеі на 17 сакавіка 2024 году. Адпаведную пастанову ўхвалілі ўсе прысутныя на пасяджэньні сэнатары (162 чалавекі).
14 сьнежня ў Расеі павінна адбыцца «прамая лінія» з прэзыдэнтам, дзе грамадзяне нібыта зьвяртаюцца да яго з пытаньнямі, якія іх турбуюць.
Так, як высьветлілі сацыёлягі «Левада-цэнтру», самае папулярнае пытаньне расейцаў да Пуціна — пра заканчэньне вайны. «Калі і чым скончыцца вайна ва Ўкраіне?» — спытала б адносная большасьць апытаных у канцы лістапада (21%), як вынікае з вынікаў дасьледаваньня, піша праект «Можем объяснить».
Расейцы ўжо не чакаюць ад Пуціна навін аб магчымым паляпшэньні іхнага ўзроўню жыцьця: пра пэнсіі, іх павышэньне спыталі б толькі 8%; пра мэдыцыну, адукацыю і сацыяльныя праграмы — 8%; пра заробкі і ўзровень жыцьця ў цэлым — 7%.
А 6% паспрабавалі б высьветліць, калі Пуцін пакіне пасаду. Пытаньні міграцыі і карупцыі хвалююць па 2% апытаных. 10% увогуле не цікавяцца выступам Пуціна і яго адказамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Левада-цэнтар»: самае папулярнае пытаньне расейцаў да Пуціна — пра заканчэньне вайны