«Роўна год таму ў гэты дзень я, напэўна, счышчаў нейкае шмацьцё кашы з рондаляў у бабруйскай турме і ня думаў пра сьвет дэмакратыі і свабоды, дзе хутка апынуся, — адзначыў узнагароджаны. — Мне пашанцавала больш, чым многім маім калегам: я цяпер тут, яны ўсё яшчэ застаюцца там, усё яшчэ застаюцца ў такіх жа ці яшчэ горшых умовах. Мне плацілі за маю працу 6 эўра ў месяц. Мяркую, што некаторым з тых дзясяткаў беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, плацяць яшчэ менш. Але яны застаюцца ў закладніках, яны апынуліся там проста таму, што гатовы былі ісьці за свабодай слова да канца. Гэта абсурдна, што іх інтэлектуальны патэнцыял выкарыстоўваецца не дзеля таго, каб узмацняць інфармацыйную бясьпеку Беларусі, а для такой рабскай працы».
Паводле Марціновіча, яшчэ горш, што «сотні іншых беларускіх журналістаў былі вымушаны выехаць са сваёй краіны, з нашай радзімы, знайсьці нейкі іншы, часовы дом, каб працягваць хоць у нейкім выглядзе даносіць праўдзівую інфармацыю да чытачоў».
«Вялікі дзякуй Літве, Польшчы, іншым краінам, якія стварылі ўмовы для беларускіх журналістаў. Я спадзяюся, што, як толькі адчыніцца акно магчымасьцяў для нас, каб вярнуцца, каб зноў разьвіваць беларускую журналістыку ў самой Беларусі, мы адразу ж скарыстаемся гэтым. А такое акно магчымасьцяў у любым выпадку будзе. Усе дыктатуры ня вечныя, рана ці позна яны абвальваюцца. Літва дачакалася, мы дачакаемся таксама», — лічыць ляўрэат.
Ініцыятарамі прэміі «Надзея Свабоды» і яе мэцэнатамі зяяўляюцца парлямэнтар Казіс Старкявічус і літоўская журналісцкая супольнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень Ягор Марціновіч напісаў першы допіс пасьля вызваленьня- Марціновіч знаходзіўся ў месцах пазбаўленьня волі з 8 ліпеня 2021 году па 18 жніўня 2023-га.
- 15 сакавіка 2022 году суд Заводзкага раёну Менску прыгаварыў яго і кіраўніка аддзела рэклямы і маркетынгу «НН», былога галоўнага рэдактара Андрэя Скурко да 2,5 года пазбаўленьня волі паводле арт. 216 Крымінальнага кодэксу («Прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»). Нягледзячы на эканамічны характар абвінавачаньняў, праваабаронцы прызналі абодвух палітвязьнямі, зьвязаўшы іх крымінальны перасьлед зь дзейнасьцю недзяржаўнага мэдыя (у студзені таго ж года «НН» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»).
Справа «Нашай Нівы»
- Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня 2021 году: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
- Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
- «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
- Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
- Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
- Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
- Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.