Як за 16 гадоў зьбяднелі беларускія студэнты. Расказваем, на колькі за гэты час зьнізіліся стыпэндыі і чаму так адбылося

Каляж

У канцы 2010-х гадоў сярэдняя стыпэндыя ў Беларусі дасягала памеру 12% ад сярэдняга заробку па краіне. Цяпер толькі 6%.

121 рубель 58 капеек — такі памер мінімальнай стыпэндыі ў беларускіх студэнтаў сёньня. Яе навучэнцы ВНУ атрымліваюць да першай сэсіі, потым стыпэндыя можа павялічыцца да 200 рублёў, у залежнасьці ад атрыманых адзнак. Уплывае на памер выплат таксама і выбраная спэцыяльнасьць — у некаторых ВНУ стыпэндыя большая, у іншых меншая.

Стыпэндыя прывязаная да пражытковага мінімуму — гэтую суму вызначае дзяржава. Сёньня, на думку ўладаў, чалавек можа пражыць месяц на 405 рублёў 27 капеек. Мінімальная стыпэндыя вылічваецца праз каэфіцыент 0,3 ад бюджэту пражытковага мінімуму.

Раней хапала на 14 піцаў, цяпер на 6

У сьнежні 2007 году, калі мінімальныя стыпэндыі падвышалі ў чарговы раз, студэнт унівэрсытэту атрымліваў мінімум 89 400 недэмінаваных рублёў, ці 89,4 па цяперашніх разьліках.

Тады гэта складала 12% сярэдняга заробку па Беларусі.

Цяпер стыпэндыя прыкладна роўная 6% ад яго. У 2007 годзе студэнт мог купіць на мінімальную стыпэндыю вось такія рэчы і прадукты (уся сума ў пераліку на адзін прадукт):

  • 8 тартоў
  • 45,5 куфля піва
  • 14 піцаў у кавярні
  • 30 абедаў у сталоўцы
  • 47 пар шкарпэтак

З разьлікам па сярэдніх цэнах Белстату і цяперашніх цэнах у кавярнях і сталоўках.

У 2023 годзе мінімальнай стыпэндыі хапае на:

  • 6 тартоў
  • 25,5 куфля піва
  • 6 піцаў у кавярні
  • 24 абеды ў сталоўцы
  • 33 пары шкарпэтак

Значыць, за 16 гадоў студэнт зьбяднеў на 2 тарты, 20 куфляў піва, 14 пар шкарпэтак, 8 піцаў у кавярні і 6 абедаў у сталоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВНУ выставілі новыя цэны за навучаньне. Наколькі яны ўзрасьлі?

«Са стыпэндыі купіў джынсы, яшчэ з адной — красоўкі»

Свабода паразмаўляла зь людзьмі, якія вучыліся ў ВНУ 16 гадоў таму:

«У мяне была павышаная стыпэндыя за высокі бал. Памятаю, адзін раз купіў джынсы са стыпэндыі, а другі раз — красоўкі Puma», — прыгадвае адзін з суразмоўцаў.

Другі расказвае, што стыпэндыя ўся ішла на кнігі, якія былі патрэбны для вучобы, і іх куплялі, скідваючыся грашамі зь іншымі студэнтамі. А пасьля ўжо шукалі ў інтэрнэце.

Цяперашнія студэнты беларускіх ВНУ расказалі Свабодзе, што стыпэндыю трацяць у асноўным на абеды і праезд. І што «яе можа хапіць і на нейкую рэч».

«Мала, вядома, на што хапае стыпэндыі. Я падпрацоўваю, таму няма такога, што чакаю стыпэндыі, каб нешта купіць. Магу паесьці са стыпэндыі ў кавярні, нядаўна купіла кашулю, але не за стыпэндыю. Стыпэндыі на тры такія б хапіла, бо ў мяне павышаная. Праязны буду купляць. Летам прыходзіла стыпэндыя за тры месяцы адразу, але, зразумела, расьцягнуць гэтыя грошы на тры месяцы было складана», — расказвае суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысяча даляраў і год на падрыхтоўку. Як беларускія выпускнікі едуць вучыцца за мяжу

Разьлічваюць на дапамогу бацькоў

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, дзяржава зараз памяншае сацыяльныя выплаты.

«Ідзе разьлік на тое, што студэнтам будуць дапамагаць бацькі ці яны будуць падпрацоўваць. Цяпер ідзе ўхіл на ўразаньне сацыяльных выплат з боку дзяржавы. З аднаго боку, дзяржава імкнецца сабраць з усіх падаткі і штрафы, а стыпэндыі, пэнсіі, рознага кшталту дапамогу павышаюць, але вельмі павольна. У іншых краінах існуюць гранты на вучобу, пры пэўных умовах. А ў Беларусі такой сыстэмы няма. Пры гэтым яшчэ існуе абавязковая адпрацоўка пасьля ВНУ», — кажа Анастасія Лузгіна.

Апошні раз бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі павышалі ў лістападзе, за ім вырасьлі і стыпэндыі.

А што зь іншымі выплатамі ад дзяржавы?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, іншыя варыянты сацыяльнай дапамогі ад дзяржавы з канца 2010-х зьмяніліся ня так значна, як падтрымка студэнтаў ВНУ. Напрыклад, сярэдняя пэнсія ў 2008 годзе складала 328 163 нэдамінаваныя рублі.

Гэта складала 153 даляры па тагачасным курсе. На такую пэнсію можна было купіць:

  • 529 кіляграмаў бульбы
  • 29 тартоў
  • 284 кубкі ёгурту па 250 грамаў

Сярэдняя пэнсія ў 2022 годзе складала 630 рублёў 82 капейкі. Гэта 241 даляр паводле сярэднегадавога курсу за мінулы год. Яе хапала на:

  • 658 кіляграмаў бульбы
  • 32 тарты
  • 384 кубкі ёгурту

Дапамога пры нараджэньні першага дзіцяці ў 2009 годзе складала 1 171 850 недэнамінаваных рублёў (548 даляраў). Цяпер яна роўная 3677 рублям і 90 капейкам (1409 даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія студэнты ўдзельнічалі ў вечарыне салідарнасьці з Палестынай з партрэтамі Арафата, Абаса і Лукашэнкі. Фота