У Вільні на форуме свабоднай журналістыкі Беларусі і Літвы, які праходзіць у літоўскім парлямэнце, абмяркоўваюць прафэсійныя стандарты ў кантэксьце войнаў і міжнародных канфліктаў.
«Мы ўжо трэці год запар праводзім форум журналістаў Беларусі і Літвы (а цяпер і Латвіі і Эстоніі) тут, у памяшканьні Сейму Літвы. З аднаго боку, гэта сьведчыць пра тую падтрымку, якую атрымліваюць беларускія незалежныя журналісты ў выгнаньні, і пра салідарнасьць калегаў», — паведаміў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Кіраўнік забароненай у Беларусі журналісцкай арганізацыі падкрэсьліў, што ва ўмовах узмацненьня рэпрэсій супраць журналістаў, вельмі важна, каб гэтая тэма «ня выпала з фокусу ўвагі міжнароднай супольнасьці».
Андрэй Бастунец дадаў, што для яго асабіста вельмі значна, каб на кожнай міжнароднай сустрэчы, форуме, канфэрэнцыі цяпер, калі па аб’ектыўных і зразумелых прычынах Беларусь не знаходзіцца ў зводках інфармацыйных агенцтваў, кожны раз нагадваць пра роўнаплечны трыхкутнік: Беларусь — беларуская незалежная журналістыка — беларускія журналісты і наагул палітвязьні за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Твой ліст як паветра, дыхаў бы, дыхаў». Журналіст з прэзыдэнцкага пулу ў калёніі вучыцца на зваршчыка і піша вершы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 33 выракі ў крымінальных справах, ліквідацыя СМІ, прызнаньне «экстрэмісцкімі»: даклад пра перасьлед журналістаў у Беларусі ў 2022-2023 гадах