2 лістапада з ініцыятывы ААН адзначаецца Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала з гэтай нагоды даклад «Беларусь 2022-2023: Правы чалавека. Грамадзянская супольнасьць. Мэдыя», які зьмяшчае падрабязны агляд выпадкаў ціску на грамадзянскую супольнасьць і мэдыйную прастору.
Як адзначаецца ў дакладзе, у 2022-2023 гадах у Беларусі працягвалася прыгнечаньне свабоды слова і барацьба з іншадумствам, уключаючы цэнзуру і рэпрэсіі супраць журналістаў. З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны рэжым Лукашэнкі стаў душыць распаўсюд ня толькі інфармацыі аб палітычнай і прававой сытуацыі ў Беларусі, але і аб’ектыўнай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, а таксама антываенныя выказваньні. У 2023-ым зьмены ў закон «Аб СМІ» яшчэ больш абмежавалі дзейнасьць мэдыяў, але амаль усе беларускія незалежныя рэсурсы працягнулі функцыянаваць з-за мяжы.
За кратамі ў Беларусі цяпер 33 журналісты. За студзень-верасень 2023 году 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачваньняў, а ўжо асуджаную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву летась «даасудзілі» за «здраду дзяржаве». На працягу 2022 году было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да журналістаў і мэдыяработнікаў, сярод іх найбольшы тэрмін быў прызначаны Андрэю Аляксандраву, які праходзіў па справе БелаПАН, — 14 гадоў калёніі.
З пачатку 2023 году прайшлі 26 ператрусаў у дамах журналістаў і ў рэдакцыях мэдыяў, было 35 затрыманьняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў, таксама сілавікі выклікалі журналістаў для апытаньня, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы тых, хто зьехаў зь Беларусі. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 40 затрыманьняў журналістаў і 55 ператрусаў (зь іх 5 — у рэдакцыях СМІ), 20 разоў журналістаў арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў.
У 2022-ым пачаліся завочныя суды над палітычнымі эмігрантамі. Сярод абвінавачаных апынуўся грамадзкі дзеяч і журналіст, сузаснавальнік Sports.ru Дзьмітры Навоша. У 2023-ым асудзілі вядомых блогераў — рэдактараў Telegram-каналаў Nexta і «Беларусь головного мозга» — Сьцяпана Пуцілу (да 20 гадоў строгага рэжыму) і Яна Рудзіка (да 19 гадоў), Раман Пратасевіч, які супрацоўнічаў са сьледзтвам, быў асуджаны да 8 гадоў калёніі і памілаваны Лукашэнкам.
Асуджаныя да пазбаўленьня волі журналісты зазнавалі ціск і негуманнае абыходжаньне ў калёніях. У журналістаў Сяргея Сацука, Дзяніса Івашына і Анджэя Пачобута ўзьнікалі праблемы з атрыманьнем лекаў і доступам да кваліфікаванай мэдыцынскай дапамогі, а Ігара Лосіка давялі да працяглай галадоўкі і спробаў самагубства. 7 траўня 2023 году за кратамі памёр блогер Мікалай Клімовіч.
Цягам 2022-2023 гадоў мэтанакіравана ліквідавалі незалежныя рэгіянальныя СМІ, якія яшчэ працягвалі працаваць. Ціск на іх меў «комплексны» характар — допыты, затрыманьні і адміністрацыйны перасьлед супрацоўнікаў, адабраньне абсталяваньня, дыскрэдытацыя ў праўрадавых СМІ, прызнаньне кантэнту «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У выніку такой палітыкі за 2022 год істотна скарацілася колькасьць зарэгістраваных Міністэрствам інфармацыі недзяржаўных друкаваных выданьняў — з 764 да 560 (у той жа час колькасьць дзяржаўных зьмянілася з 414 да 403). Практычна ўсе зарэгістраваныя СМІ, якія засталіся ў Беларусі, або ідуць у фарватары дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, або пазьбягаюць палітычных тэмаў, або вымушаныя зьвяртацца да самацэнзуры.
Цягам 2022-2023 гадоў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» ці «экстрэмісцкімі арганізацыямі» 18 СМІ, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі расьсьледніцкі цэнтар.
На працягу 2022 году публікацыі каля 1500 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і інтэрнэт-супольнасьцяў) прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а больш за сотню сталі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», што пацягнула за сабой масавае прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці карыстальнікаў інтэрнэту за распаўсюд «экстрэмісцкага» мэдыякантэнту (за рэпосты матэрыялаў). З 2023-га «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сталі актыўна прызнаваць артыкулы ў друкаваных выданьнях і асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках (напрыклад, акаўнт журналіста зь Беластока Руслана Кулевіча).
19 журналістаў і шэраг папулярных блогераў з сакавіка 2022 году ўключылі ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». КДБ уключыў у лік «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» 7 прадстаўнікоў СМІ.
З 2023 году набор на факультэт журналістыкі БДУ скарацілі на 20%, а платнае навучаньне з самастойным працаўладкаваньнем адмянілі.
Даклад цалкам можна пачытаць па спасылцы.