Стратэгічны дыялёг паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША праходзіць 6–7 сьнежня ў Вашынгтоне.
«Тры гады мы працавалі разам, але стратэгічны дыялёг — гэта фармалізацыя адносінаў, — прыводзіць словы Ціханоўскай «Позірк». — Гэта азначае, я спадзяюся, што на працягу двух дзён мы распрацуем стратэгію па Беларусі разам з нашымі амэрыканскімі партнэрамі. Будуць распрацаваныя дарожныя мапы па розных кірунках. Магчыма, будуць створаныя рабочыя групы па канкрэтных тэмах».
Палітык назвала пяць асноўных кірункаў працы:
- Вызваленьне палітвязьняў.
- Захаваньне незалежнасьці Беларусі.
- Аднаўленьне і захаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і культуры.
- Бізнэс-кірунак.
- Прыцягненьне да адказнасьці злачынцаў лукашэнкаўскага рэжыму.
Ціханоўская разьлічвае, што адным з вынікаў дыялёгу стане прызначэньне новага спэцпрадстаўніка ЗША ў працы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Яна выказала ўдзячнасьць папярэдняй спэцпрадстаўніцы Джуліі Фішэр. «Але, каб наладзіліся сталыя стасункі з ЗША, з Дзярждэпартамэнтам, нам патрэбен такі чалавек, які будзе мостам паміж дэмакратычным рухам і Злучанымі Штатамі», — удакладніла Ціханоўская.
Паводле яе, у стратэгіі трэба канкрэтызаваць, якой будзе падтрымка беларусаў у абароне імі незалежнасьці сваёй краіны, а таксама зьвярнуць увагу на неабходнасьць увядзеньня санкцыяў супраць Расеі ня толькі за вайну ва Ўкраіне, але і за спробы падпарадкаваць Беларусь.
«Мы чакаем ад ЗША яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз для Пуціна, што Беларусь зможа разьлічваць на падтрымку для аднаўленьня эканомікі, і што ЗША патрымаюць эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі», — заявіла Ціханоўская.
На думку Ціханоўскай, «толькі ціск на Лукашэнку можа зьмяніць яго стаўленьне да палітвязьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся Стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Што ў праграме?Сёньня ў будынку Гары Трумэна ў Вашынгтоне, дзе месьціцца Дзярждэпартамэнт ЗША, адбываюцца першыя пасяджэньні Стратэгічнага дыялёгу.
З амэрыканскага боку ў пасяджэньні бяруць удзел намесьніца дзяржсакратара ў палітычных пытаньнях Вікторыя Нуланд, памочнік дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэр Сьміт, намесьнік памочніка адміністратара USAID (Агенцтва ЗША для міжнароднага разьвіцьця) у бюро Эўропы і Эўразіі Марк Сімакоўскі, каардынатарка дапамогі Марыя Лонгі, дырэктар у пытаньнях Расеі Кэралайн Сэвэдж.
Зь беларускага боку ў перамовах удзельнічаюць Сьвятлана Ціханоўская, старшыня Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
Перад пачаткам стратэгічнага дыялёгу «Беларусь — ЗША» беларуская лідарка правяла размову з намесьніцай дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных пытаньнях Вікторыяй Нуланд. Намесьніца выказала спадзяваньне, што перамовы ў Вашынгтоне дапамогуць у выпрацоўцы крокаў па больш шчыльным супрацоўніцтве паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША.
Дзярждэпартамэнт ЗША: Да вызваленьня палітвязьняў зьмякчэньня санкцыяў ня будзе
Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Мэцью Мілер падчас брыфінгу падкрэсьліў, што ЗША «рады прымаць першы Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам і вітаць беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятлану Ціханоўскую ў Дзярждэпартамэнце», паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Што да санкцыяў, Мілер нагадаў, што 6 сьнежня офіс па кантролі за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненьні да 19 фізычных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, працуюць у беларускім абаронным сэктары і падтрымліваюць Расею ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
«Нашае пасланьне Лукашэнкі і тым, хто праводзіць рэпрэсіі, яснае і дакладнае: мы ня будзем казаць пра зьмену нашай палітыкі, зьмякчэньне санкцыяў і паляпшэньне нашых адносінаў, пакуль рэжым ня вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць усе рэпрэсіі ў дачыненьні да беларускага народа і перастане прымаць удзел у расейскай вайне супраць Украіны», — сказаў Мэцью Мілер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненьні да Беларусі