Ключавым экспартэрам калію выступіла Беларусь — за 10 месяцаў яна экспартавала яго на 1,32 млрд даляраў, гэта на 545 мільёнаў больш, чым за 10 месяцаў летась.
Як паведаміў рэсурс MyFin, больш за ўсё зь Беларусі Кітай імпартаваў увесну — у красавіку на 170,36 млн даляраў, у траўні на 170 млн. даляраў, а таксама ў чэрвені — на 196 млн.
Значна менш імпартаваў Кітай калію з Расеі — за 10 месяцаў на 849,4 млн даляраў, з Канады — на 610, 3 млн, з Лаосу на 515,3 млн.
Акрамя гэтых краін, калій у Кітай сёлета экспартавалі Ярданія, Ізраіль, Нямеччына, Узбэкістан, Вялікая Брытанія і ЗША.
Цікава, што сёлета ўлады Беларусі істотна нэрваваліся наконт паставак калію ў Кітай. Рэч у дзейнасьці канадзкай кампаніі Canpotex. Беларуская калійная кампанія абвінаваціла канадзкага канкурэнта ў пастаўках калію Кітаю за дэмпінгавую цану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асноўны пакупнік — Кітай, цэны нізкія. Што адбываецца зь «Беларуськаліем»Як зьмяніліся пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў
У 2020 годзе, да ўводу санкцыяў, Беларусь прадавала свае калійныя ўгнаеньні як у краіны Азіі, Індыю, так і ў Эўропу. Топ пакупнікоў у грашовым аб’ёме за 2020 год выглядаў наступным чынам:
- Бразылія — 520,7 мільёна даляраў за год
- Кітай — 319,7 мільёна даляраў за год
- Індыя — 289,7 мільёна даляраў за год
- Краіны ЭЗ — 195,7 мільёна даляраў за год
- Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў за год
Тады Беларусь прадала за год калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў, сярэдняя цана 337 даляраў за тону.
І гэта быў апошні год, калі дзяржаўныя органы публікавалі такую статыстыку. Пасьля палітычнага крызісу і санкцыяў яе проста закрылі. Цяпер, калі дзяржаўныя чыноўнікі паведамляюць пра кантракты на пастаўку калійных угнаеньняў, то абмяжоўваюцца фактам, без падрабязнасьцяў.
Вядома, што за 9 месяцаў сёлета Беларусь прадала ў Кітай калійных угнаеньняў на 1,25 мільярда даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Значэньне Беларусі для Кітаю зьнізілася, і Лукашэнка ня здольны гэтага зьмяніць, — кітаіст УмараўПаводле зьвестак Свабоды з прадпрыемства, пастаўкі ў параўнаньні зь мінулым годам маглі вырасьці ў 1,5–2 раза. Цяпер, апроч Кітаю, беларускія ўгнаеньні ідуць у Індыю, Інданэзію і Бразылію. Аднак і сусьветныя цэны на іх у параўнаньні зь мінулым годам зьменшыліся ў 2,5 раза.
Канкурэнт «Беларуськалію» — расейскі «Ўралкалій» — ужо сёлета ў красавіку паведаміў пра падпісаньне доўгатэрміновага кантракту зь Індыяй. Аб’ём паставак не разгалошвалі, але раней Расея займала невялікую долю індыйскага рынку калійных угнаеньняў — каля 1,3%. Згодна з індыйскай статыстыкай, з красавіка па верасень гэтая краіна закупіла ў Беларусі тавараў толькі на 5,3 млн даляраў.
13 лістапада кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Алейнік заяўляў, што Беларусь пакрывае 80% патрэбаў Турэччыны ў калійных угнаеньнях. Аб’ёмы паставак ён не ўдакладняў. «Беларуськалій» жа паведамляў, што да канца году плянуюць адгрузіць на экспарт да 8 мільёнаў тонаў сваёй прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія шанцы ў рэжыму адсудзіць 1 млрд эўра ад Літвы. Кныровіч, Юрконіс