10 месяцаў безь лістоў ад вядомых палітвязьняў
Апошні ліст ад палітвязьня Міколы Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. Амаль 10 месяцаў няма лістоў ад Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калесьнікавай.
У так званым рэжыме «інкамунікада» (пазбаўленьня сувязі з вонкавым сьветам) многія вядомыя палітвязьні знаходзяцца зь лютага. Паводле дасьведчанай крыніцы, зь якой паразмаўляла Свабода, такое распараджэньне прыйшло з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У сакавіку Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча і Максіма Знака пакаралі і зьмясьцілі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).
Паводле інфармацыі ў фэйсбуку сястры Марыі Калесьнікавай Тацяны Хоміч, Марыя таксама знаходзіцца ў адзіночцы ПКТ Гомельскай жаночай калёніі, там яе зьбіраюцца трымаць да канца году. У ліпені адразу некалькі крыніц, у тым ліку і сваякі Віктара Бабарыкі, і аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, паведамілі, што палітвязень зьмешчаны ў ПКТ. У кастрычніку стала вядома, што ў ПКТ зьмясьцілі Алеся Бяляцкага.
Згодна з заканадаўствам, нават калі чалавек зьмешчаны ў ПКТ, яму дазволеная перапіска без абмежаваньняў, але лістоў ад гэтых вязьняў няма.
Трымаць зьняволенага ў ПКТ можна максымум 6 месяцаў. Пасьля гэтага тэрміну яго павінны вярнуць у атрад да іншых вязьняў. Але інфармацыі пра вяртаньне палівязьняў у атрады няма, лісты сваякам ад іх дагэтуль не прыходзяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, за што палітвязень Ігар Лосік трапіў у ПКТ, дзе знаходзіцца паўгодаСваякі працягваюць пісаць сваім родным, шлюць у калёніі і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў шматлікія скаргі, атрымліваючы стандартныя адказы: «Ваш зварот разгледжаны. У перапісцы асуджаны N. не абмяжоўваецца, адміністрацыя калёніі ліставаньню не перашкаджае».
Сваякі дамагаюцца і асабістага прыёму ў начальнікаў калёніяў, хоць трапіць на прыём неймаверна цяжка. Праз тэлефон запісацца практычна немагчыма, даводзіцца ехаць за сотні кілямэтраў і намагацца, каб запісалі, а потым ехаць яшчэ раз. Прыём доўжыцца максымум 5–7 хвілін. Дыялёг начальніка калёніі з сваяком вядомага палітвязьня выглядае прыкладна так:
— Асуджаны N. знаходзіцца ў нас.
— У ПКТ, у атрадзе? Дзе канкрэтна?
— У нас. Нічога больш я вам не скажу.
— Як у яго здароўе?
— Жыцьцю і здароўю нічога не пагражае.
— Можна перадаць хаця б сродкі гігіены?
— Нельга. Перадачы не дазволеныя.
— А чаму лістоў няма ўжо шмат месяцаў?
— У перапісцы асуджаны N. не абмежаваны.
— Чаму тады сваякі не атрымліваюць лістоў?
— Ня ведаю. Размова скончаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Статкевіч чацьвёрты дзень народзінаў запар сустракае за кратамі. Ад яго няма зьвестак 185 дзён«Права ў Беларусі не працуе, у дзяржаве даўно не зважаюць і на міжнароднае права»
Юрыст Максім Палавінка прызнаецца, што ня ведае, як пераадолець гэты рэжым «інкамунікада». На яго думку, у Беларусі гэтыя пытаньні не вырашаюцца праўнымі мэтадамі.
«Пасьля таго, як у сакавіку затрымалі шасьцёх адвакатаў палітвязьняў, якія езьдзілі зь імі сустракацца ў калёніі, сувязі зь вязьнямі няма.
Праблема гэтая даўно выйшла зь юрыдычнай прасторы ў прастору такога нармальнага, тлустага таталітарызму, калі, з аднаго боку, законаў у месцах адбываньня пакараньняў не выконваюць, а з другога боку, прымаюць новыя драконаўскія законы, якімі хутка легалізуюць усе гэтыя практыкі. Пакуль гэтыя практыкі не легалізаваныя, трэба ціснуць на сыстэму, пісаць, скардзіцца — пакуль яшчэ ёсьць законы. А то неўзабаве і законаў ня будзе», — дае пэсымістычны прагноз Максім Палавінка.
Што рабіць, калі сваякі палітвязьняў у адчаі, калі няма пасьпяховых прыкладаў, калі відавочна, што сытуацыю няможна зьмяніць праўнымі мэтадамі? Максім Палавінка разважае так:
«У права ёсьць адна вельмі важная ўласьцівасьць — прадказальнасьць. Мы ведаем, што за гэтае дзеяньне будзе такое наступства, за іншае — іншы вынік. У Беларусі прадказальнасьці ў права сёньня няма ніякай. Законы не працуюць. Толькі адна прадказальнасьць засталася: што ўсё будзе дрэнна.
Аднак я раю працягваць пісаць скаргі ўва ўсе інстанцыі, а таксама працягваць пісаць лісты палітзьняволеным. Можна ствараць „архіў адказаў“. Некалі адзін чалавек трапна адказаў на пытаньне „Навошта ты скардзісься?“. „Я зьбіраю подпісы і прозьвішчы“, — адказаў гэты чалавек.
І пісаць лісты не дзеля таго, каб атрымаць адказ, а таму, што так трэба. Нават акт аб зьнішчэньні лістоў камусьці падкажа, што пра яго памятаюць», — кажа юрыст Максім Палавінка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма лістоў і пазбавілі грашовых пераводаў». Ад Вольгі Маёравай паўтара месяца няма вестакМіжнароднае заканадаўства пра рэжым «інкамунікада»
«Канвэнцыяй супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня» Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прадугледжваецца магчымасьць трыманьня пад вартай у рэжыме «інкамунікада» (строгай ізаляцыі) на тэрмін да пяці дзён у якасьці выключнай меры ў выпадках асабліва сур’ёзных злачынстваў. Каб зьвярнуцца да падобнай працэдуры, неабходна атрымаць судовы ордэр на працягу 24 гадзін з моманту затрыманьня, а судзьдзю, які выдаў такі ордэр, належыць на пастаяннай аснове атрымліваць інфармацыю аб стане затрыманай асобы. Так права павінна працаваць у цывілізаваных краінах.
У беларускім заканадаўстве тэрміну «інкамунікада» няма, асуджаным дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня колькасці.
- У артыкуле 6 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь замацаваны асноўныя прынцыпы крымінальна-выканаўчага заканадаўства: «законнасьць, гуманізм, дэмакратызм, роўнасьць асуджаных перад законам, дыфэрэнцыяцыя і індывідуалізацыя выкананьня пакараньня і іншых мераў крымінальнай адказнасьці».
- Артыкул 85 Крымінальна-выканаўчага кодэксу мае назоў «Перапіска асуджаных да пазбаўленьня волі, адпраўленьне і атрыманьне імі грашовых пераводаў». У ім замацавана права зьняволеных атрымліваць карэспандэнцыю.
- «Асуджаным на пазбаўленьне волі дазваляецца атрымліваць і дасылаць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня іх колькасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці адваката для палітвязьня амаль нерэальна». Юрыст камэнтуе «зьнікненьне» вядомых палітычных зьняволеных ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазыцыянавала сябе як жонку палітвязьня». Дар’я Лосік год за кратамі