Прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў у аўторак, што мог бы адмовіцца ад паўторнага вылучэньня, калі б у будучых выбарах ня ўдзельнічаў Дональд Трамп, дадаўшы, што рэспубліканец нясе пагрозу для краіны, піша «Голас Амэрыкі».
«Калі б Трамп не балятаваўся, я ня ўпэўнены, што вылучыў бы сваю кандыдатуру, — сказаў Байдэн на імпрэзе для збору сродкаў на сваю перадвыбарчую кампанію 2024 году, якая адбылася ў прадмесьці Бостану. — Мы ня можам дазволіць яму перамагчы».
Заўвагі Байдэна прагучалі на фоне заклапочанасьці нават адданых прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі ўзростам прэзыдэнта. У мінулым месяцы яму споўніўся 81 год.
Дарадцы прэзыдэнта Байдэна лічаць, што Трамп бліжэйшымі тыднямі зацьвердзіць свой статус лідэра сярод прэтэндэнтаў на намінацыю рэспубліканскага кандыдата ў прэзыдэнты. Пра гэта гавораць два чалавекі з атачэньня Байдэна.
У перадвыбарнай кампаніі 2020 году Байдэн часта згадваў, што ягонае рашэньне балятавацца было часткова зьвязанае з тым, як тагачасны прэзыдэнт Трамп адрэагаваў на мітынг белых нацыяналістаў у Шарлотсьвіле ў 2017 годзе. Цяпер кампанія Байдэна зноў пазыцыянуе Трампа як пагрозу амэрыканскай дэмакратыі.
Трамп, які сутыкнуўся з крымінальнымі абвінавачаньнямі за свае спробы скасаваць вынікі выбараў 2020 году, сам характарызуе Байдэна як небясьпечнага аўтакрата.
Байдэн аб’явіў аб намеры балятавацца на другі тэрмін у красавіку, пасьля таго як прыйшоў да асабістага перакананьня, што ні віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс, ні які-небудзь іншы кандыдат ад дэмакратаў ня змогуць перамагчы Трампа на агульнанацыянальных выбарах налета.
Байдэн ня раз згадваў Трампа падчас актыўнай кампаніі збору сродкаў, якая пачалася ў аўторак у Бостане і прадугледжвае як мінімум дзевяць імпрэзаў да канца месяца.
Апошнія апытаньні паказваюць, што лідэр рэспубліканцаў апярэджвае Байдэна ў гіпатэтычных супрацьстаяннях у ключавых штатах і на нацыянальным роўні.
«Я думаю, ніхто не сумняваецца ў тым, што наша дэмакратыя зноў пад пагрозай», — сказаў Байдэн раней у аўторак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн: «Мы зьбіраемся працягваць дыпляматыю высокага ўзроўню ў адносінах з Кітаем» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэтэран амэрыканскай дыпляматыі: Будучыня Беларусі — з NATO ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над Трампам: колішняму прэзыдэнту ЗША выставілі крымінальныя абвінавачаньні. ФОТА