Беларус Аляксей пражыў у Літве 17 гадоў. У лютым 2023 году ў яго скончыўся тэрмін дзеяньня чарговага дакумэнта, але новы яму ня выдалі. Ягоную гісторыю распавядае выданьне delfi.lt.
Рашэньне аб падаўжэньні дазволу на жыхарства сям’я чакала 9 месяцаў, а калі атрымала — была ў шоку. На падставе высноваў Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дэпартамэнт міграцыі не працягнуў беларусу дазвол на жыхарства — Аляксея прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы», бо 20 гадоў таму мужчына служыў у беларускім войску, паведамляе выданьне.
У дэпартамэнце мужчыну запрасілі ў кабінэт, раздрукавалі рашэньне і сказалі, што ён неадкладна мусіць выехаць у Беларусь.
«Прыехалі памежнікі і на машыне з гэтым дакумэнтам адвезьлі на мяжу», — расказала яго жонка.
Тое, што мужчына не прэтэндаваў на атрыманьне сталага дазволу на жыхарства і на грамадзянства, расцанілі як факт «недастатковай інтэграцыі ў літоўскае грамадзтва і тое, што чалавек ня зьвязвае зь Літвой сваю будучыню».
Па словах жонкі беларуса, зараз ён на працягу 30 месяцаў ня зможа прыехаць у Літву.
У Літве ў мужчыны засталіся жонка і двое непаўналетніх дзяцей, грамадзяне краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве расказалі, колькі беларусаў прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» за апошні годЗа год, з канца лістапада 2022 году, Літва прызнала 1644 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», паведамілі 22 лістапада ў Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы. Сярод іх:
- 562 беларусам адмовілі ў дазволе на часовае пражываньне ў Літве,
- 343 беларусам вырашылі яго не працягваць,
- 450 беларусам анулявалі дазволы на часовае пражываньне ў Літве,
- двойчы беларускім грамадзянам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства ў Літве,
- 8 разоў прымалі рашэньні аб ануляваньні сталага дазволу на жыхарства,
- 279 беларусам адмовілі ў атрыманьні нацыянальнай літоўскай візы.
Большасьць рашэньняў былі прынятыя пасьля запаўненьня адмысловай анкеты, уведзенай у канцы лістапада 2022 году, у якой, сярод іншага, ёсьць пытаньні пра стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму, а таксама пытаньні пра кантакты са спэцслужбамі, службу ў войску ці сілавых ведамствах і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пасьля заявы аб дзейнасьці КДБ зноў заклікаюць да ўніфікацыі санкцыяў супраць расейцаў і беларусаў