5 сьнежня ЗША ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс Беларусі 8 фізычных асобаў і 11 кампаніяў. Пра гэта паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША.
Як паведамілі ў Мінфіне ЗША, новыя санкцыі мусяць «узмацніць ціск на аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі за жорсткае задушэньне дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці і за саўдзел у неапраўданай вайне Расеі супраць Украіны».
Сьпіс беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якія трапілі пад санкцыі, папоўнілі:
- генэральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белмытсэрвіс» Вадзім Бабарыкін,
- дырэктар ААТ «Зеніт-БелОМА» Мікалай Гайчук,
- генэральны дырэктар холдынгу «БелОМА» Аляксандар Мароз,
- дырэктар ААТ «Тытунь-Інвест» Віктар Пятровіч,
- бізнэсовец Аляксандар Шакуцін,
- бізнэсовец Павал Тапузідзіс, уладальнік «Табак-Інвест»,
- кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў,
- навуковец ў галіне лазэрнай фізыкі і прыладабудаваньня, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Шкадарэвіч.
Сярод кампаніяў пад санкцыі ЗША трапілі:
- Канцэрн «Беллеспаперпрам»,
- ААТ «ММЗ імя С.І. Вавілава — кіроўная кампанія холдынгу «БелОМА»,
- ААТ «Зеніт-БелОМА»,
- ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу «Гарызонт»,
- ААТ «АЛЕВКУРП»,
- ААТ «Амкадор» — кіроўная кампанія холдынгу»,
- навукова-вытворчы холдынг дакладнага машынабудаваньня «Планар»;
- кіроўная кампанія холдынгу «Беларуская цэмэнтная кампанія»,
- РУП «Белмытсэрвіс»,
- НТЦ «ЛЭМТ» БелОМА;
- ААТ «Тытунь-Інвэст».
Санкцыі прадугледжваюць блякаваньне актываў у выпадку, калі яны знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, а таксама арганізацый, якія на 50% і больш належаць названым у сьпісе асобам або кампаніям. Для тых, што супрацоўнічае з падсанкцыйнымі асобамі і кампаніямі, гэта пагражае другаснымі санкцыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прайшлі слуханьні аб Беларусі з удзелам Ціханоўскай. ВІДЭА- 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў ЗША праходзяць слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», на якіх абмяркоўваюць палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і дапамогу грамадзянскай супольнасьці. У іх прымае ўдзел і дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Падчас слуханьняў яна заклікала Вашынгтон зрабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў і пазбавіць іх магчымасьці абыходзіць абмежаваньні.
- Апошні раз ЗША ўводзілі санкцыі супраць Беларусі 9 жніўня 2023 году, у трэцюю гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады пад абмежаваньні трапілі 8 чалавек (сыны і жонка бізнэсоўца Аляксея Алексіна, гендырэктар БМЗ Дзьмітры Корчык, гендырэктар ДФР КДК Ігар Маршалаў і яшчэ тры прадстаўнікі ДФР) і 5 арганізацый (авіякампанія «Белавія», ДФР КДК, Беларускі мэталюргічны завод, ТАА «Белкапсціл», Менскі завод грамадзянскай авіяцыі). Таксама пад санкцыі трапіў урадавы самалёт Canadair Regional Jet CR-200ER (бартавы нумар EW-301PJ), які выкарыстоўваюць высокапастаўленыя чыноўнікі і сыны Аляксандра Лукашэнкі.