6 сьнежня ў Вашынгтоне маюць абвясьціць пра пачатак стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнай Беларусьсю. Цяпер у ЗША знаходзіцца прадстаўнічая дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская, якая 5 сьнежня выступае на слуханьнях у Кангрэсе ЗША. Пра тое, які можа быць вынік гэтага дыялёгу, кажа палітоляг, рэдактар «Беларускага штогодніку» Вадзім Мажэйка.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
- Іншыя краіны глядзяць на тое, што робяць ЗША. Калі лідэры іншых краінаў бачыць, што праходзяць слуханьні аб Беларусі ў амэрыканскім Кангрэсе, гэта ўплывае і на іх.
- Амэрыканскія праграмы падтрымкі палітвязьняў і іх сем’яў, мэдыя, беларускіх студэнтаў патэнцыйна могуць быць на парадак большыя, чым праграмы іншых краінаў.
- Калі пачаліся дыскусіі вакол магчымага выкарыстаньня расейскай тактычнай ядзернай зброі ва Ўкраіне, выйшаў артыкул адстаўнога амэрыканскага генэрала, дзе тлумачылася, што ў адказ NATO можа ўдарыць па расейскіх вайсковых абʼектах у Беларусі. На жаль, сёньня на Захадзе могуць разважаць пра вайсковыя ўдары па Беларусі за дзеяньні, якія зробіць Расея. Гэта жахліва.
- Вельмі важна дамагацца, каб у выніку канфліктаў у рэгіёне Беларусь ня стала пляцдармам вайны, па якім бʼюць з усіх бакоў, як гэта, на жаль, неаднойчы было ў гісторыі. Каб Захад, тыя жа ЗША мелі разуменьне, што Беларусь у будучыні можа быць амэрыканскім саюзьнікам і важнай краінай у кантэксьце пасьляваеннай будучыні.
- Каб з ахвяры перайсьці ў статус дзейнага субʼекту, трэба мець сваё палітычнае прадстаўніцтва, якое будзе распрацоўваць стратэгіі, весьці перамовы, у тым ліку на складаныя тэмы. Для гэтага ў краіны і ёсьць свае палітыкі.
- Часьцяком мы глядзім на міжнародныя візыты чыста з нашай беларускай пэрспэктывы – што хочам мы і што цікава нам. Вельмі важна «ўпакоўваць» нашыя нацыянальныя інтарэсы ў зразумелую мову і зразумелыя прыярытэты для партнэраў.
- Менавіта таму важна казаць пра захаваньне беларускай незалежнасьці і беларускага сувэрэнітэту – наколькі гэта важна ў тым ліку і для ЗША, каб тыя ж расейскія межы не пашыраліся. Таксама вельмі важна казаць пра тое, як рэжым Лукашэнкі пагадзіўся на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі і як гэтая праблема будзе вырашана ў будучай дэмакратычнай Беларусі.
- Амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава вызвалілі зь беларускай турмы пасьля званка тагачаснага дзяржаўнага сакратара ЗША Майка Пампэо. Ад гэтага званка Лукашэнка не атрымаў новую легітымнасьць. Калі б гэта спрацавала для нейкіх іншых беларускіх палітвязьняў, дык такія кантакты маюць сэнс.
- Пры гэтым варта зразумець, што гэта не азначала б спыненьня падтрымкі дэмакратычных сілаў і што тут варта спалучаць ціск і перамовы. Чамусьці лічаць, што гэта альтэрнатывы. Але перамовы з тым, з кім вы, мякка кажучы, не сябры, магчымыя акурат калі ты спалучаеш пазытыўныя прапановы зь ціскам і пагрозамі.