Перадвыбарная кампанія ў Беларусі пачалася ва ўмовах бесьперапынных рэпрэсіяў, — праваабаронцы

Выбарчы ўчастак у Беларусі. Архіўнае фота

Перадвыбарная кампанія ў Беларусі «пачалася ва ўмовах бесьперапынных рэпрэсіяў», гаворыцца ў першай справаздачы «Праваабаронцаў за свабодныя выбары» аб сытуацыі ў краіне напярэдадні выбараў у Палау прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў у 2024 годзе.

Праваабаронцы сумеснай ініцыятывы цэнтру «Вясна» і Беларускага Хэльсынскага камітэту падкрэсьліваюць, што кампанія пачалася «ва ўмовах фактычнай адсутнасьці свабоды выказваньня думкі, мірных сходаў і асацыяцыяў, у атмасфэры татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі».

«Наяўныя сродкі праўнай абароны па-ранейшаму неэфэктыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасьці судоў, прадказальнасьць у праваўжывальнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе канстатаваць немагчымасьць для грамадзянаў рэалізаваць свае выбарчыя правы», — адзначана ў дакумэнце.

Выбары «аб’яўленыя ў створаных уладамі ўмовах татальнага страху за жыцьцё і здароўе». Пакараньне ў палітычна матываваных справах адбываецца «з ужываньнем катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня», падкрэсьлілі праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе экспэртная місія». Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў

Паводле справаздачы, свабода слова ў Беларусі «адсутнічае ня толькі на ўзроўні асобнага чалавека», але і на ўзроўні ўсяго мэдыясэктару. Аўтары дакумэнту адзначылі, што з 2020 году ўлады шырока выкарыстоўваюць крымінальны перасьлед як мэтад ціску на СМІ і журналістаў.

Спалучэньне «абмежавальнага заканадаўства, палітычнай волі і рэпрэсіўнай практыкі» выкарыстоўваецца як «магутны інструмэнт, каб прымусіць людзей пакінуць краіну».

«Па розных ацэнках, ад 200 да 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасьля 9 жніўня 2020 году і цяпер — у выніку новых зьменаў заканадаўства — пазбаўленыя магчымасьці ўплываць на палітыку дзяржавы», — гаворыцца ў дакумэнце.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што крымінальны перасьлед з палітычных матываў, які ўзмацніўся ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, «захоўваецца на рэпрэсіўным узроўні да сёньня і працягнецца ў агляднай будучыні». Гэта азначае, што «любая не санкцыянаваная вэртыкальлю ўлады ініцыятыва ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2024 году будзе азначаць высокую рызыку палітычна матываванага крымінальнага перасьледу».

«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крытычная, у такіх умовах немагчыма казаць пра выбары-2024 як пра вольныя, справядлівыя і дэмакратычныя», — робяць выснову праваабаронцы.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасьля яго адбудзецца першае паседжаньне Ўсебеларускага народнага сходу ў новым статусе.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены блянк бюлетэню — як падчас датэрміновага галасаваньня, так і ў дзень выбараў. За парушэньне гэтага патрабаваньня пагражае адміністрацыйная адказнасьць.

У 2020 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах многія выбарнікі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную плятформу «Голас», што стала адным са сьведчаньняў фальсыфікацыі ўладамі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі празрыстай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожнае вашае слова і дзеяньне мае значэньне». Ціханоўская прапанавала беларусам 5 спосабаў, як рэагаваць на выбары 2024 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні выбарчай кампаніі ў Акадэміі навук ствараюць цэнтар па паліталёгіі

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.