У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што агульныя страты расейскай арміі з пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году перавысілі 300 тысяч вайскоўцаў.
«З 24 лютага 2022 году па лістапад 2023 году афіцыйныя сілы расейскага Міністэрства абароны, імаверна, маюць ад 180 да 240 тысяч параненых і каля 50 тысяч загінулых. У ПВК „Вагнэр“ — каля 40 тысяч параненыя і 20 тысяч загінулі», — адзначаюць брытанскія выведнікі.
У той жа час, паводле іх, сярэдняе значэньне ацэнак складае 320 тысяч агульных стратаў у часе баявых дзеяньняў.
«Нават у расейскіх афіцыйных асобаў, імаверна, нізкі ўзровень разуменьня агульных лічбаў стратаў праз даўнюю практыку несумленных справаздачаў у войску», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны 4 сьнежня ацанілі колькасьць расейскіх стратаў на ўзроўні 332,8 тысяч вайскоўцаў. Аб сваіх стратах ва ўкраінскім Генэральным штабе не паведамляюць.
Раней міжнародныя экспэрты ацэньвалі страты Расеі і Ўкраіны як парытэтныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO: Расея страціла ва Ўкраіне 300 тысяч забітымі і параненымі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін павялічыў штатную колькасьць войскаў РФ на 170 тысяч чалавек