Жыхарка Гомля Марына (імя зьмененае. — РС) расказала Свабодзе, што бацькоў школьнікаў абавязалі даць справаздачу аб праглядзе тэлеперадачы «Мой няцяжкі падлетак». Эфір прайшоў 28 лістапада, на гомельскай тэлевізіі яго назвалі «Абласным бацькоўскім сходам». Бацькоў дзяцей у кадры не было, толькі міліцэйскі начальнік, супрацоўнік пракуратуры і аблвыканкаму.
«Глядзеў хто, не глядзеў — гэта ня так істотна. Толькі што клясная кіраўніцаа абавязала ўсіх бацькоў, каб паставілі плюсік у чаце клясы ў Viber. Дарэчы, такое ўпершыню. Раней толькі Лукашэнку абавязвалі ўсім глядзець», — пракамэнтавала Марына.
Яшчэ адна жыхарка Гомля, Алена, расказала, што ў яе дачкі, вучаніцы 8 клясы, клясная кіраўніца пыталася, ці глядзелі яе бацькі перадачу пра «цяжкіх падлеткаў».
«Выпытвала яна ня толькі ў маёй дачкі, але і ў яе аднаклясьнікаў», — дадала Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура сабрала ў Горадні «юных дасьледчыкаў генацыду беларускага народу»Раённыя выданьні Лоеўскага і Лельчыцкага раёну апублікавалі здымкі, як жыхары райцэнтраў «актыўна сочаць за экранам тэлевізара».
На фота — жыхары райцэнтру перад экранамі, разам зь дзецьмі, сабакамі і катамі.
Лельчыцкае выданьне «Сьветлае жыцьцё» таксама дало справаздачу з фота з дамоў жыхароў райцэнтру.
«Цяпер, у гэтыя хвіліны, ляльчане ўважліва глядзяць перадачу «Мой няцяжкі падлетак».
Паводле статыстыкі YouTube, перадачу «Мой няцяжкі падлетак» паглядзелі 23 тысячы разоў (https://www.youtube.com/watch?v=-NBxuGX1G3M). Гэта пры тым, што звычайна перадачы гомельскай тэлевізіі на YouTube набіраюць у сярэднім ад 20 да 100 праглядаў (https://www.youtube.com/@tvr_gomel/videos).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі, што кнігу аб «генацыдзе беларускага народу» рэалізуюць з дапамогай адмінрэсурсу