У кастрычніку зьнізіліся рэальныя пэнсіі беларусаў, іх разьлічваюць з папраўкай на інфляцыю. Гэта вынікае з дадзеных Белстату. Падзеньне склала 0,6% адносна верасьня 2023 году, піша «Зеркало».
Рэальныя пэнсіі сёлета ў месячным выражэньні вырасьлі толькі ў траўні, жніўні і верасьні. У астатнія месяцы гэтага года рэальныя пэнсіі дэманстравалі падзеньне (гаворка пра студзень-кастрычнік, дадзеныя за лістапад пакуль не апублікаваныя). Прыкметней за ўсё яны ўпалі ў лютым — на 1,2% да студзеня.
У кастрычніку рэальная пэнсія ў сярэднім упала на 0,6 адсотка да верасьня. Сярэдняя прызначаная пэнсія другі месяц запар трымаецца на ўзроўні 693,4 рублі.
У бягучым годзе працоўныя пэнсіі павышалі з 1 траўня і 1 верасьня. Пры гэтым чыноўнікі абяцалі, што іх паднімуць тройчы, як і ў 2022-м. Аднак трэці раз працоўныя пэнсіі сёлета падвышаць ня сталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плата за багаж у мэтро, падатак на «багатых». Пяць сьвежых прыкладаў, як улады спрабуюць выціснуць больш грошай зь беларусаўЧаму рэальныя пэнсіі могуць яшчэ больш упасьці
Зьніжэньне гэтых выплат афіцыйная статыстыка зафіксавала нават на фоне ручнога стрымліваньня інфляцыі ў краіне. І экспэрты, і самі чыноўнікі прагназуюць, што рост цэн паскорыцца, нягледзячы на жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне. Гэта азначае, што рэальныя пэнсіі могуць упасьці ў лістападзе і сьнежні яшчэ больш.
Дадзеныя Белстату — гэта сярэднія паказьнікі. Нават пры цьвёрдым дзяржаўным рэгуляваньні цэны працягваюць прыкметна расьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка занепакоіўся пэнсіямі пракурораў на фоне нявырашаных пэнсійных праблем звычайных беларусаў. Пра што мова