Падчас слуханьняў у Каардынацыйнай радзе прагучала прапанова падзяліць мэты дэмакратычных сілаў на вызваленьне палітвязьняў і перамогу над рэжымам. Яе агучыла Сьвятлана Мацкевіч, якая прадстаўляе Згуртаваньне сваякоў і былых палітвязьняў, піша reform. by
На думку Сьвятланы Мацкевіч, стратэгіі, якія выкарыстоўваліся раней, неэфэктыўныя.
«Санкцыі, ціск, міжнародная дапамога, сьпісы, палітыка, ідэалёгія, боль і нянавісьць, помста, жаданьне помсты, працяглае чаканьне — працуе, калі гэта ўключана ў агульнае разуменьне, як дасягнуць мэты вызваленьня палітвязьняў, калі зьмяняюцца агульная лёгіка і падыход», — заявіла яна.
«Заяўлены раней у 20-м годзе падыход прадугледжае пасьлядоўны код падзей: спачатку перамога над рэжымам праз пратэст ці праз ціск і далей вызваленьне палітвязьняў. Гэта як бы той сцэнар, які прапаноўваўся нам раней. У 2023 годзе намі прапануецца іншая лёгіка: падзяліць мэты вызваленьня і перамогу над рэжымам — устанаўленьне дэмакратыі — у два паралельныя трэкі. Без адмаўленьня аднаго іншым», — сказал прадстаўніца аб’яднаньня.
Згодна з агучаным падыходам, вызваленьне палітвязьняў як гуманітарны трэк ставіцца ў прыярытэт і не адмяняе палітычных задач.
«Гуманітарны трэк азначае, што каштоўнасьць жыцьця і здароўя, свабоды нашых родных, сяброў і суграмадзян важнейшая за магчымасьць перамогі ў беларускім супрацьстаяньні. У аснову вызваленьня палітвязьняў павінен быць пакладзены прынцып рэалістычнасьці. Гуманітарны трэк азначае ня толькі акцэнт на сацыяльныя дапамогі і рэабілітацыі палітвязьняў, якія ўжо выйшлі, і рэагаваньне на дзеяньні ўладаў, колькі пошук дапушчальных сродкаў мэханізмаў па вызваленьні тых, хто сядзіць, і стварэньне ўмоў для фарміраваньня новых магчымасьцяў і ўключэньня ў працэс перамоваў першымі», — мяркуе Сьвятлана Мацкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да спробаў вызваленьня палітвязьняў падключалі Аўстрыю і Швэйцарыю — дарадца ЦіханоўскайУ якасьці аднаго са сродкаў яна прапанавала перамоўны працэс.
«Нельга вызваліць палітвязьняў, якія знаходзяцца ў статусе закладнікаў, не кантактуючы з тымі, у каго яны ў закладніках, не высьвятляючы дакладна, што яны хочуць узамен і не выстаўляючы сваіх умоў. Перамовы ў лёгіцы гуманітарнай лініі — гэта не выстаўленьне катэгарычных умоў па перадачы ўлады, як разглядаецца, у прыватнасьці, у першым сцэнары. Вызваленьне канкрэтных асоб, груп да поўнага вызваленьня ўсіх з задавальненьнем умоў другога боку. Гэта значыць, у аснову перамоваў па гуманітарным трэку, на наш погляд, павінен быць пакладзены прынцып дыфэрэнцыяцыі. І гэта абсалютна два розныя тыпы перамоваў — перамовы якія вядуцца на палітычнай лініі, і перамовы, якія вядуцца па вызваленьні палітвязьняў», — падкрэсьліла выступоўца.
Паводле яе слоў, гуманітарны трэк прадугледжвае разгортваньне дзьвюх ліній перамоваў.
«Першае: праз пасярэдніцтва з заходнімі партнэрамі і дыпляматычнымі місіямі розных краін і паступовае фармаваньне перамоўнай пляцоўкі з удзелам дэмакратычных сіл і іх прадстаўнікоў. Аднак для таго, каб такія перамовы адбыліся, прынамсі дэмакратычныя сілы на стадыі падрыхтоўкі такога кшталту перамоваў павінны выстаўляць вызваленьне палітвязьняў як асноўны рамачны фармат для... перамоваў. [...] Другая лінія прадугледжвае асобныя лякальна-гуманітарныя місіі па розных схемах вызваленьня. Напрыклад, у лёгіцы абмену ваеннапалоннымі, абмену на санкцыі, частковае прызнаньне легітымнасьці — і тут магчымыя розныя варыянты прапановы такога кшталту перамоваў», — мяркуе Сьвятлана Мацкевіч.
- 2 — 3 сьнежня адбываюцца слуханьні Каардынацыйнай рады ў пытаньнях пазыцый, падыходаў, стратэгіі вызваленьня палітвязьняў.
- Паводле стану на канец лістапада ў Беларусі было 1452 палітвязьні, прызнаных праваабарончай супольнасьцю (паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай).
- Акрамя таго, па стане на канец кастрычніка яшчэ каля 1300 палітвязьняў з 2020 году ўжо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, або ў сувязі з памілаваньнем.
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.