2 сьнежня ЦАХАЛ даў справаздачу, што за апошнія суткі нанёс удары па больш чым 400 «тэрарыстычных абʼектах» на ўсёй тэрыторыі сэктару Газа. Найбольш інтэнсіўна атакавалі горад Хан-Юніс на поўдні. Ізраільскія вайскоўцы паведамляюць, што атакавалі больш за 50 «мэтаў» у горадзе з дапамогай зьнішчальнікаў. Акрамя гэтага, ЦАХАЛ правёў апэрацыю ў гавані Хан-Юніс і Дэйр-эль-Балахе, дзе, па сьцьвярджэньні ізраільскіх вайскоўцаў, знаходзіліся абʼекты ХАМАС.
Прадстаўнік ЦАХАЛ Авіхай Адраі паведаміў, што жыхары сэктару Газа павінны пакінуць паўночныя і паўднёвыя раёны і перамясьціцца ў прытулак у Рафаху на мяжы з Эгіптам. Ён апублікаваў карты і заявы на арабскай мове.
Прадстаўнікі падкантрольнага ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы заяўляюць, што пасьля аднаўленьня ізраільскіх нападаў загінулі 184 чалавекі, яшчэ сама меней 589 чалавек пацярпелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль аднавіў баявыя дзеяньні ў Газе, заявіўшы, што ХАМАС парушыў дамову аб замірэньніГуманітарная сытуацыя ў сэктары Газа
Першыя грузавікі з гуманітарнай дапамогай заехалі ў сэктар Газа з моманту, калі было спынена пагадненьне аб паўзе паміж Ізраілем і ХАМАС. Палестынскі Чырвоны Паўмесяц піша, што празь пераход Рафа прайшлі 50 транспартных сродкаў зь ежай, вадой і лекамі.
Раней прадстаўніца Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі работ Джульета Тума казала ВВС, што сытуацыя ў сэктары Газа знаходзіцца «на парозе гуманітарнага тэхнагеннага цунамі», заклікаючы да спыненьня агню.
ЦАХАЛ пацьвердзіў гібель пяці закладнікаў
Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Даніэль Хагары расказаў, што семʼям чатырох закладнікаў ХАМАС Эліяху Маргаліта, Ронена Энгеля, Маі Горэн і Арʼе Залмановіча паведамілі пра сьмерць іх блізкіх.
Хагары таксама паведаміў, што ізраільскія вайскоўцы знайшлі ў сэктары Газа цела Афіра Царфаці, якога выкралі з музычнага фэстывалю ў Рэіме.
На гэты момант у палоне ХАМАС застаюцца 136 чалавек, у тым ліку 17 жанчын і дзяцей. За час паўзы ў баявых дзеяньнях з палону вярнулі 110 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чырвоны Крыж і Паўмесяц: ХАМАС трымае ізраільскіх закладнікаў каля поля боюWSJ: ЗША перадалі Ізраілю 100 супрацьбункерных бомбаў
Газэта The Wall Street Journal са спасылкай на «афіцыйныя асобы» ЗША піша, што пасьля нападу ХАМАС 7 кастрычніка на Ізраіль Вашынгтон паставіў Тэль-Авіву, сярод іншага, 100 супрацьбункерных бомбаў BLU-109 і 57 тысяч артылерыйскіх снарадаў.
Паводле крыніц журналістаў, ЗША таксама перадалі больш за 5000 некіравальных бомбаў Mk82, больш за 5400 боегаловак Mk84 вагой 2000 фунтаў, каля тысячы бомбаў малога дыямэтру GBU-39 і каля 3000 авіябомбаў з камплектам навядзеньня JDAM, які ператварае некіравальныя бомбы ў карэктуемыя.
У артыкуле адзначаецца, што Ізраіль — адзін з найбуйнейшых атрымальнікаў ваеннай дапамогі ЗША, штогод дзяржаве выдзяляецца 3,8 мільярда даляраў.