Ульляна Верына: «Замест „беларусізацыі“ ў нас была б незалежная Беларусь. І за які ж росквіт нам падзякаваць савецкай уладзе?»

Ульляна Верына

Пры канцы лістапада літаратурная грамадзкасьць адзначыла стагодзьдзе «Маладняку», які лічаць першым беларускім літаратурным аб’яднаньнем. Але ці так гэта? А ці былі літаратурныя беларускія гурткі і суполкі яшчэ ў дзевятнаццатым стагодзьдзі?

Пагаварылі пра гэта зь літаратуразнаўцай доктарам філялягічных навук Ульлянай Верынай.

«Маладняк» першапачаткова быў «камсамольскім праектам»

— Споўнілася сто гадоў з часу ўтварэньня гуртка маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк», які крыху пазьней стаў называцца «Ўсебеларускім аб’яднаньнем паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк». Як гэта ўсё тады адбывалася?

— Першапачаткова гэта быў камсамольскі праект. Часопіс «Маладняк» быў заснаваны як орган ЦК КСМБ, рэдактарамі першага нумару былі пазначаныя М. Кудзелька і А. Ажгірэй, то бок Міхась Чарот і Анатоль Вольны. На вокладцы першага нумару зьмясьцілі партрэт Карла Лібкнэхта і выяву маладога лесу. Менавіта такое значэньне — маладыя парасткі, дрэўцы — было ўкладзена ў назву. І першы верш з назвай «Маладняк», напісаны Чаротам, быў гімнам маладосьці і падтрымліваў «расьлінны» сэнс назвы: «Маладняк сваімі лісьцямі / Шапаціць нам казку-вольніцу...».

Далей — словы Аляксандра Чарвякова, кіраўніка рэспублікі, пра ролю камсамолу і задачы часопісу, якія ў тым партыйным дабраславеньні выглядалі даволі практычна: гэта быў «баявы атрад», які мусіў ісьці працаваць у вёску, заклікаючы ў свае шэрагі вясковую моладзь.

Гісторыя ўтварэння аб’яднаньня ўзнаўляецца паводле выступу Анатоля Вольнага на Першым усебеларускім зьезьдзе «Маладняку», дзе ён называе дату 28 лістапада 1923 году, калі «ў ініцыятыўнай жменьцы» было шэсьць чалавек (ён сам, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча), якія сабраліся ў клюбе КІМ (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі) і «пад сьвятло агарку сьвечкі і ўтварылі Аб’яднаньне». У тым самым выглядзе гэтую няхітрую гісторыю паўтарыў Максім Гарэцкі ў артыкуле «„Маладняк“ за пяць гадоў», тая ж гісторыя ўзнаўляецца і ў сучасных крыніцах. Вольны таксама засьведчыў, што спачатку ўдзельнікі аб’яднаньня зьбіраліся ў «гасьцепрыімным пакоіку» рэдакцыі газэты «Савецкая Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава да 100-годзьдзя літаб’яднаньня «Маладняк»

«Адной рукой улады пісалі рапарты пра посьпехі беларусізацыі, другой — судзілі „нацдэмаў“»

— А якія мэты былі ў «маладнякоўцаў» пры гэтым аб’яднаньні? Каму і дзеля чаго спатрэбілася аб’яднаньне маладых амбітных, а значыць, незалежных асобаў у нейкую структуру?

— Дэклярацыя аб’яднаньня была ў істоце больш ідэалягічная, чым эстэтычная. У эстэтычным пляне ў ёй сьцьвярджаліся ня вельмі акрэсьленыя мэты: «мастацка-праўдзівы вобраз» — што б гэта ні значыла, адпаведнасьць формы зьместу — таксама загадкавая фармулёўка, і скіраванасьць у будучыню, што было ўласьціва авангардысцкім групам, якой «Маладняк» мог бы стаць, калі б не пяршынства дзяржаўнай місіі.

Камсамольскае паходжаньне аб’яданьня я ўжо адзначыла. Пачаткова часопіс «Маладняк» быў агітацыйным сродкам, а аб’яднаньне было замацавана пры ім. Магчыма і верагодна, што ў шасьці пачынальнікаў былі і творчыя матывы, але найперш, думаю, разуменьне, што патрэбная легальная арганізацыя. Вядома ж, партыйнае кіраўніцтва і ня думала пра спрыяньне разьвіцьцю літаратуры, як, бывае, пішуць: маўляў, «стварылі ўмовы для разьвіцьця» і г. д.

У літаратуразнаўстве прынята гаварыць пра ўздым і росквіт літаратуры 1920-х, які чамусьці зьвязваюць з абсалютна прагматычным выкарыстаньнем пісьменьнікаў на карысьць канкрэтных ідэалягічных мэтаў.

Мяняецца палітыка (а на пачатку існаваньня СССР яна мянялася часта) — і вось ужо першых павезьлі па турмах, мяняецца яшчэ раз — і павезьлі наступных... Адной рукой улады пісалі рапарты пра посьпехі беларусізацыі, другой — судзілі «нацдэмаў».

Можна разумець, чаму тады, у 1920-я, у гэтым як быццам ня бачылі супярэчнасьці. Таму што насаджаўся новы від нацыянальнага пачуцьця, адрозны ад «буржуазнага», значыць, такога, які патрабаваў дзяржаўнай аўтаноміі.

Трэба было ўсьвядоміць сябе беларусам, але паводле пэўных правілаў: увайсьці ў «камунальную кватэру народаў» (як трапна назваў тую структуру, якою быў СССР, Міхаіл Гаспараў) не як адказны кватэранаймальнік, калі працягваць тое ж параўнаньне, і нават не на правах роўнага зь іншымі жыхарамі, а на правах непаўнавартага нахлебніка, які сам, без дазволу, зрабіць нічога ня можа і пастаянна ў даўгу.

Літаратурнае аб’яднаньне “Маладняк”. 1924 – 1925 гг. (БДАМЛМ, ф. 26, воп. 1, адз. зах. 111, арк.

Але чаму гэтая супярэчнасьць і сёньня застаецца ў манаграфіях і падручніках, я зразумець не магу. Хаця ў прынцыпе наша навука пра літаратуру не пазбавілася яшчэ цалкам нават уяўленьняў пра станоўчую ацэнку «кіроўнай ролі партыі» у мастацтве.

Кіроўнай яна была безумоўна, станоўчай — ніколі. І ніводзін дакумэнт, які наказваў бы павысіць, паглыбіць ці пашырыць нешта, не пераканае мяне ў адваротным. Бо ўзровень ілжы і крывадушша ад пачатку савецкай улады быў такі, што верыць у тое, што пастановы выконваліся, ці нават у тое, што мелася на ўвазе менавіта тое, што было напісана, немагчыма.

Па-другое, бо я не магу прыняць адначасова нейкія ўмоўныя «паляпшэньні» — і паламаныя лёсы і перарваныя жыцьці. Гэта недаравальна і непараўнальна. У імя «лініі партыі» адбываліся злачынствы, паколькі пад гэтую шыльду магло быць прыстасавана ўсё што заўгодна.

Па-трэцяе, але, можа, па важнасьці гэта і першае, нацыянальны ўздым адбываўся ў Беларусі і да савецкай улады, і, вядома ж, адбываўся б і надалей. Пасьля Першай сусьветнай вайны распаліся імпэрыі, утвараліся і пераўтвараліся дзяржавы. Спробы ўтварэньня нацыянальных дзяржаваў адбыліся адначасова ў Беларусі і ва Ўкраіне (у іншых рэгіёнах таксама былі надзеі на аўтаноміі, калі не на палітычную самастойнасьць, бо паўсюдна ішлі паралельныя працэсы), і аднолькава і адначасова ўсё было спынена бальшавікамі.

Так што замест «беларусізацыі» ў нас была б незалежная Беларусь. І за які ж росквіт ці адраджэньне нам падзякаваць савецкай уладзе?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ноч паэтаў». Як расстралялі дзеячоў беларускай культуры, кім яны былі і як іх ушаноўваюць

Гэта, як зараз кажуць, «вывучаная бездапаможнасьць», калі дзесяцігодзьдзі перакананьняў у другаснасьці не прывялі да разуменьня сваёй роўнасьці.

Жыцьцё 1920-х, у тым ліку літаратурнае, было максымальна бюракратызавана. Напісаныя ўжо дасьледаваньні пра савецкую бюракратыю, дый мы самі добра ведаем пра гэта з сатырычных твораў тых часоў — з раману Мрыя, з раманаў Ільфа і Пятрова. У пратаколах пасяджэньняў Цэнтральнага бюро «Маладняку» амаль нічога няма пра творчасьць. Такое адчуваньне, што была створана структура, якая існавала дзеля сябе самой.

Вось, скажам, я прыгадала «Цэнтральнае бюро», а існавалі і іншыя. Сетка падпарадкаваньня была даволі складанай, была ўтворана пэўная герархія з разьмеркаваньнем правоў. Скажам, былі філіі «Маладняку» ў гарадах, але Менская філія мела правы Цэнтральнага бюро. І сэкцыі філіяў не маглі падпісваць свае публікацыі як прыналежныя да «Ўсебеларускага аб’яднаньня паэтаў і пісьменнікаў „Маладняк“».

Некаторыя маладнякоўскія пратаколы выглядаюць фантасмагарычна. Гэта асобны твор калектыўнага аўтарства, помнік свайго часу, ня горшы за «Слова пра Ігараў паход».

«„Маладняк“ — гэта была спроба прафэсіяналізацыі літаратуры, увядзеньня яе ў межы інстытуцыяў і, вядома, ідэалягічнага падпарадкаваньня»

— Дзейнасьць «маладнякоўцаў» і іхныя творы да сёньня ня маюць адназначнай ацэнкі літаратуразнаўцаў. Спэктар думак пра іхны ўнёсак у беларускую літаратуру часам палярны. Як вы ацэньваеце іх месца, ролю і значэньне ў айчынным пісьменстве?

— Адзінай ацэнкі дзейнасьці маладнякоўцаў і іх унёску ў літаратуру ня можа быць, бо ў аб’яднаньне ўваходзілі вельмі розныя творчыя асобы. Маладнякоўства як такое — больш сацыякультурны, чым мастацкі фэномэн.

Гэта была спроба прафэсіяналізацыі літаратуры, увядзеньня яе ў межы інстытуцыяў і, вядома, ідэалягічнага падпарадкаваньня. Пры тым, што існавала вера — думаю, шчырая — у тое, што літаратура валодае пэўнай сілай: сілай узьдзеяньня, выхаваньня, прабуджэньня сьвядомасьці і г. д. Адзінай эстэтычнай праграмы ў маладнякоўцаў не было, а ідэі «матэрыялізму, марксізму-ленінізму», увасобленыя «ў беларускай мастацкай творчасьці», як напісана ў Дэклярацыі, — гэта не праграма, а адзіна магчымая для існаваньня любой арганізацыі ў той час плятформа. Іншая рэч і няпростае пытаньне — тое, як у межах гэтай «праграмы» адно прызнавалася адпаведным, іншае — варожым. Адмоўнае стаўленьне да фармальных пошукаў было ўласьціва і тагачаснай крытыцы, і сучаснаму літаратуразнаўству. Чаму і як гэта было і ёсьць, я спадзяюся напісаць у асобнай працы.

На эстэтычнай праграме ўтваралася «Ўзвышша» — зусім іншы тып літаратурнага аб’яднаньня. І ў яго ўвайшлі, заўважым, і заснавальнікі, і ўдзельнікі «Маладняку»: Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Уладзімер Дубоўка. Вядома, удзел у «Маладняку» адыграў пэўную ролю ў іх творчым станаўленьні.

У сярэдзіне 1920-х ужо было відавочна, што «Маладняк» прэтэндуе на ролю адзінай літаратурнай арганізацыі, і пачаўся яго распад. «Узвышша», «Пробліск» («Пралетарска-сялянская літаратурная суполка»), Беларуская літаратурна-мастацкая камуна, «Менскі перавал» — у 1926–27 гадах з «Маладняку» выходзілі пісьменьнікі (ці іх выключалі) з самых розных прычынаў. І важнай прычынай было супрацьстаяньне дыктату пралетарскага мастацтва, бо іншай ступені самастойнасьці — эстэтычнай — многія пісьменьнікі ўжо дасягнулі і займелі выразныя ўласныя погляды. Але падкрэсьлю, што працэс гэтага высьпяваньня адбываўся ў «Маладняку». Дзякуючы яму ці насуперак яму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З намі ваююць, бо мы — беларусы». Хадановіч пра расстраляных паэтаў і рэпрэсіі супраць культуры

«„Маладняк“ быў першым дзяржаўным літаратурным аб’яднаньнем»

— «Маладняк» называюць першым літаратурным аб’яднаньнем Беларусі. Але ці так гэта? Бо ж задоўга да яго яшчэ ў 1858 годзе Ўладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Вінцэнт Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі і некалькі іншых маладых пісьменьнікаў сабраліся ў Вільні і стварылі нешта кшталту літаратурнага згуртаваньня. Што вядома пра тую спробу аб’яднаньня?

— «Маладняк» першы з істотным ўдакладненьнем: першае дзяржаўнае літаратурнае аб’яднаньне. Дробныя, аматарскія гурткі на мяжы XIX–XX стагодзьдзяў існавалі вельмі шырока.

А ці не была літаратурным аб’яднаньнем «Наша Ніва» зь яе выразнаю праграмаю, выдавецтвам, рэдакцыйным колам, разьвітым інстытутам літаратурнай крытыкі, творчым асяродкам? Усімі атрыбутамі, пры дапамозе якіх можна вызначыць, што такое літаратурнае аб’яднаньне. І раней, у ХІХ стагодзьдзі, літаратурныя аб’яднаньні мелі свае формы — ўнівэрсытэцкія ці салённыя, прыватныя, сяброўскія, — але яны былі. І калектыўныя выданьні былі своеасаблівыя. Зразумела ж, не часопіс накладам дзьве з паловай тысячы экзэмпляраў, як першы нумар «Маладняку», а хатні альбом, як альманах Вярыгі-Дарэўскага.

— А чым падобныя і чым розьняцца гэтыя два аб’яднаньні?

— Гэта два гістарычна розныя тыпы літаратурных аб’яднаньняў. Яны падобныя тым, што абодва вельмі характэрныя для свайго часу. І розьняцца найперш гістарычнымі ўмовамі існаваньня і адпаведнымі формамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя ахвяры. Што здараецца, калі тэрор становіцца часткай дзяржаўнай ідэалёгіі

«Я ня думаю, што „Маладняк“ можа быць правобразам цяперашніх формаў літаратурнага жыцьця»

— Як па-вашаму, ці мусіць быць перагледжаны адлік даты пяршынства ў стварэньні літаратурнага правобразу цяперашняй суполкі беларускіх пісьменьнікаў? Ці можам мы казаць, што беларускаму літаратурнаму згуртаваньню сёлета споўнілася ня сто, а сто шэсьцьдзесят пяць гадоў? І калі так, то якую канкрэтна дату можам абраць для сьвяткаваньня? Можа яшчэ маем шанец зрабіць гэта сёлета?

— Калі я правільна зразумела пытаньне, то маецца на ўвазе арганізацыя з назвай «Суполка беларускіх пісьменьнікаў», зьліквідаваны Саюз беларускіх пісьменьнікаў зь цяперашнім міжнародным статусам? Але яны вядуць адлік не ад «Маладняку», а ад пісьменьніцкага саюзу, утворанага ў 1933 годзе, — гэта калі ўсе паасобныя літаратурныя аб’яднаньні ўжо былі зьнішчаны і застаўся толькі адзін пісьменьніцкі саюз — філіял агульнасаюзнага.

Я ня думаю, што «Маладняк» можа быць правобразам цяперашніх формаў літаратурнага жыцьця. Не хацелася б. А дату можна і перагледзець.

Мне ўвогуле не падабаецца тэндэнцыя, на жаль, вельмі ўстойлівая, пачынаць адлік з 1920-х гадоў, як быццам раней нічога не было і нас проста выцягнулі з цемры і адарылі ўсім — мовай, літаратурай, культурай...

Але, паўтару, на жаль, тэндэнцыя моцная, ужо замацаваная на розных узроўнях, пачынаючы з школьных курсаў і да папулярызатарскіх праектаў. У прынцыпе някепска, што людзі даведваюцца пра «Маладняк», маладнякоўцаў і літаратуру 1920-х. Можна сказаць, што самае масавае аб’яднаньне свайго часу стала найшырэй папулярызавацца і сёньня. Гэта ж сапраўды вельмі цікавая гісторыя. У межах «Маладняку» ствараліся наватарскія, яркія творы, з устаноўкай на радыкальную навізну, што выклікала крытыку і тады, і зараз ацэньваецца ня вельмі высока, але не прызнаць адметнай ролі аб’яднаньня немагчыма.

Канкрэтную дату я назваць не магу, але гатова яе пашукаць, каб спрыяць сьвяткаваньню іншых літаратурных юбілеяў, каб шырока вядомых зьяваў, пісьменьнікаў, твораў у нас было больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «Каласы...» Караткевіча прыбралі з праграмы, а Талстога — не? Расказваем пра «фэйкі» расейскай літаратуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спэцхран» і вогнішча для беларускай літаратуры. На ўзбраеньне ўзятыя мэтады 30-х гадоў