Пракуратура сабрала ў Горадні «юных дасьледчыкаў генацыду беларускага народу»

Сымболіка Пракуратуры Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Найлепшыя работы перададуць «для далейшага дасьледаваньня ў аддзелы ідэалягічнай працы» мясцовых органаў улады, а таксама ў раённыя ці школьныя музэі.

У пракуратуры Горадзенскай вобласьці паведамілі, што ў абласной навукова-практычнай канфэрэнцыі «Навука перамагаць», прымеркаванай да 80-годзьзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удзельнічаюць 168 «юных дасьледчыкаў генацыду беларускага народу».

«Мэта канфэрэнцыі — далейшае ўдасканаленьне сыстэмы патрыятычнага выхаваньня дзяцей і моладзі шляхам іх далучэньня ў пошукавую і дасьледчую дзейнасьць», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА намесьніцу дырэктара ў навучальна-выхаваўчай працы Горадзенскага абласнога цэнтру турызму і краязнаўства Натальля Сызранцава.

Паводле яе, работы падалі на шэсьць сэкцый: «Сувораўскі націск», «Вялікая Айчынная вайна», «У нашчадкаў памяць заслужылі», «Актуальныя пытаньні вядзеньня і ўсебаковага забесьпячэньня баявых дзеяньняў, «Мэдаль за бой, мэдаль за працу з аднаго мэталу льюць», «бяз тэрміну даўнасьці».

«Асаблівая ўвага на канфэрэнцыі надавалася трагічнай тэме генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая асьвятлялася ў сэкцыі „Бяз тэрміну даўнасьці“, на якую заявілі найбольшую колькасьць работ», — паведаміла старшы пракурор пракуратуры Горадзенскай вобласьці Натальля Зьмітрэвіч.

Паводле яе, найлепшыя работы перададуць «для далейшага дасьледаваньня ў аддзелы ідэалягічнай працы» мясцовых органаў улады, а таксама ў раённыя ці школьныя музэі.

Што папярэднічала

14 лістапада ў Менску адбылася прэзэнтацыя распрацаваных у 2023 годзе дапаможнікаў «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4-х, 5–9-х і 10–11-х клясаў устаноў сярэдняй адукацыі.

Пры гэтым адпаведныя зьмены ў навучаньні школьнікаў адбыліся ў 2022 годзе. Сярод іншага ў адукацыйным працэсе пачалі выкарыстоўвацца прадстаўленыя Генпракуратурай матэрыялы крымінальнага расьсьледаваньня аб «генацыдзе беларускага народу».

У праграму прадмета «Чалавек і сьвет. Мая Радзіма — Беларусь» для 4-й клясы (навучаюцца дзеці ва ўзросьце 10 гадоў) дадалі тэму «Трагедыя беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях – ахвярах вайны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі, што кнігу аб «генацыдзе беларускага народу» рэалізуюць з дапамогай адмінрэсурсу

Тэму «генацыду беларускага народу» улады пачалі актыўна прасоўваць тры гады таму, за ягонае публічнае адмаўленьне ўвялі крымінальную адказнасьць. Пры гэтым рэжым увесь час праводзіць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Аналягічную дзейнасьць праводзяць і ў Расеі.

30 лістапада Генэральная пракуратура паведаміла, што супольная міжведамасная група Расеі і Беларусі займалася расьсьледаваньнем аб забойстве мірных жыхароў і савецкіх салдат, масавае пахаваньне якіх знайшлі ў менскім раёне Ўручча. Па выніках гэтай супрацы расейскі прапагандысцкі канал зрабіў дакумэнтальны фільм «Бяз тэрміну даўнасьці. Звычайны фашызм». Ягоная прэм’ера адбылася 30 лістапада.

У той жа дзень у амбасадзе Беларусі ў Расеі адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Генацыд. Бяз права на жыцьцё», зробленага супольна Генпракуратурай Беларусі і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка так шмат гаворыць пра генацыд. Тлумачаць гісторыкі