У Варшаўскім унівэрсітэце адкрылі новы набор на праграму «Новыя кадры для новай Беларусі», будуць вучыць дыпляматаў

Кіраўнік НАУ Павал Латушка вітаў студэнтаў праграмы навучаньня беларускіх дыпляматаў

У Цэнтры ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту адбылося ўрачыстае адкрыцьцё IV набору праграмы навучаньня беларускіх дыпляматаў «Новыя кадры для новай Беларусі».

Праграма рэалізуецца пры падтрымцы міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Францыі, Варшаўскага ўнівэрсытэту і «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня». Пра гэта паведаміў афіцыйны канал Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.

Курс накіраваны на падрыхтоўку маладых беларускіх дыпляматычных кадраў і будзе ахопліваць аналіз палітычнай сытуацыі ў Беларусі і на постсавецкай прасторы, тэорыю і практыку палітыкі, замежную палітыку і палітыку бясьпекі, дыпляматычны пратакол, міжнароднае права і іншае.

На адкрыцьці выступіў кіраўнік НАУ Павал Латушка, які вітаў тых, хто будзе ствараць новую дыпляматыю новай Беларусі.

«Асабліва важна, каб дыпляматычныя кадры ў новай Беларусі былі падрыхтаваныя прыняць адказнасьць за замежную палітыку ў транзытны пэрыяд. Для гэтага трэба рыхтавацца ўжо сёньня».

Навучаньне будзе адбывацца ў супрацоўніцтве з Дыпляматычнай акадэміяй МЗС Польшчы з удзелам дасьведчаных выкладчыкаў і дыпляматаў Акадэміі, высокапастаўленых супрацоўнікаў МЗС і выкладчыкаў ВНУ. У праграме таксама прадугледжваюцца лекцыі беларускіх дыпляматаў і прадстаўнікоў НАУ Паўла Латушкі і Ўладзіміра Астапенкі.

На імпрэзе выступілі пасол Францыі ў Варшаве Эцьен дэ Пансэн, прадстаўнік дыпляматычнай службы МЗС Польшчы Пётр Рыхлік, дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўніверсытэту Ян Маліцкі.

Сёлета ў праграме беларускіх дыпляматаў удзельнічае 21 слухач. За тры гады праграму навучаньня скончылі каля 60 выпускнікоў, многія зь якіх працуюць у Аб’яднаным пераходным кабінэце, Офісе Сьвятланы Ціханоўскай, НАУ, зьяўляюцца сябрамі Каардынацыйнай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі стратэгію нацыянальнага адраджэньня Беларусі

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.