У канфэрэнцыі «Шлях да волі» бралі ўдзел прадстаўнікі розных дэмакратычных структураў — Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, Моладзевага блёку, Партыі БНФ, Руху беларускіх нацыяналістаў, ByPol, BelPol і іншыя. Усяго прысутнічалі каля 200 чалавек.
На канфэрэнцыі прынятыя два дакумэнты: «Адозва да вольных народаў сьвету» i Мэмарандум. Пры падпісаньні дакумэнтаў выявілася, што прадстаўнікі шэрагу палітычных структураў ня мелі адпаведных паўнамоцтваў і падпісалі дакумэнты ад уласнага імя.
Намесьнік камандзіра полку імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук у камэнтары Свабодзе зазначыў, што ацэньвае канфэрэнцыю як пасьпяховую: у Кіеве ўдалося сабраць каля 200 чалавек з розных структураў, часам з супрацьлеглымі поглядамі.
«Так, на канфэрэнцыі былі спрэчкі, часам людзі размаўлялі падвышанымі галасамі. Але я не назваў бы гэта скандалам. Супярэчнасьцяў у нас шмат, і добра, што людзі размаўляюць. У іншых варунках гэтыя людзі, можа, ня селі б і не вялі дыялёг. Але ёсьць фактар беларускіх добраахвотнікаў як сілы, да якой аднолькава прыязна ставяцца ўсе структуры і арганізацыі», — заўважыў намесьнік камандзіра полку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпадкова выжыў. Гісторыя беларуса, які страціў ва Ўкраіне трох пабрацімаў і скончыў ваявацьКабанчук кажа, што на канфэрэнцыю былі запрошаныя тыя, хто падзяляе іх «тэзісы і прынцыпы стратэгіі вызваленьня Беларусі». Раней быў створаны арганізацыйны камітэт, які агучыў стратэгічныя тэзісы.
«У нас не стаяла задача памірыць усе структуры і арганізацыі паміж сабой ці сказаць, што нехта больш варты, нехта – менш. Наша задача — дабіцца кансалідацыі, выпрацаваць стратэгію вызваленьня Беларусі і прыступіць да яе рэалізацыі», — зазначыў Вадзім Кабанчук.
Паводле ягоных словаў, удзельнікі канфэрэнцыі дамовіліся пра стварэньне кансультацыйнай плятформы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хацеў Лукашэнка ўцякаць ад Пуціна праз Варшаву. Гутарка з аўтарам сэнсацыйнай кнігіТаксама Вадзім Кабанчук зьняпраўдзіў заявы аб тым, што полк Каліноўскага хоча, каб іншыя беларускія структуры падпарадкоўваліся яму.
«Мы вайсковае фармаваньне. Мы хочам займацца сваім кірункам — сілавым. Мы пра гэта заяўлялі. Мы ня хочам перафарматоўваць іншыя суб’екты ці ствараць новыя. Мы хочам кансалідацыі», — дадаў намесьнік камандзіра полку.