Вярхоўны суд Расеі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» няісны «міжнародны грамадзкі рух ЛГБТ» і забараніў яго дзейнасьць на тэрыторыі Расеі. Рашэньне суду ўступае ў сілу неадкладна, паведамляе «Медыязона».
Пасяджэньне суду было закрытым. На яго, паводле зьвестак выданьня, нікога, акрамя прадстаўнікоў міністэрства юстыцыі Расеі, не пусьцілі. Судзьдзя разгледзеў пазоў за чатыры гадзіны.
Міністэрства падало ў Вярхоўны суд пазоў аб прызнаньні экстрэмісцкай арганізацыяй «Міжнароднага грамадзкага руху ЛГБТ». Гэтаму папярэднічала прыняцьце шэрагу рэпрэсіўных законаў у дачыненьні да ЛГБТ-людзей, у тым ліку аб забароне так званай ЛГБТ-прапаганды і аб фактычнай забароне трансгендэрнага пераходу і зьмены гендэрнага маркеру ў дакумэнтах.
Пасьля пазову Міністэрства юстыцыі праваабаронцы, якія дапамагаюць квір-асобам, атрымалі ў разы больш зваротаў з пытаньнямі аб эміграцыі. Юрысты ўпэўненыя, што ў выпадку задавальненьня пазову паток тых, хто пакідае Расею, вырасьце. Прычым гэта будуць ня толькі ЛГБТ-асобы, але і тыя, хто ня згодны з такой палітыкай уладаў.
На момант падачы пазову ніякага «Міжнароднага грамадзкага руху ЛГБТ» не існавала. Праваабаронцы асьцерагаюцца, што забарона гэтага «руху» ставіць мэтай далейшыя рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў ЛГБТ за іх сэксуальную арыентацыю, а таксама актывістаў, якія абараняюць іхныя правы.
Раней стала вядома, што група ЛГБТ-актывістаў прыняла рашэньне стварыць «Міжнародны грамадзкі рух ЛГБТ», каб мець магчымасьць абараняць свае інтарэсы ў Вярхоўным судзе. Яны паведамляюць, што правялі ўстаноўчы сход і пішуць статут, пасьля чаго зарэгіструюць юрыдычную асобу.
У склад заснавальнікаў увайшлі праваабаронца Ігар Качаткоў, былы дырэктар Маскоўскага кам’юніці-цэнтру Вольга Баранава, заснавальніца праекту Equal PostOst Эвеліна Чайка, журналіст Рэнат Даўлетгільдзееў і рэдактар парталу «Парни Плюс» Яраслаў Распуцін. Ігар Качаткоў і Маскоўскі камʼюніці-цэнтар ужо патрабавалі ад Вярхоўнага суду дазволіць ім удзельнічаць у працэсе з боку пазванага, але ім было адмоўлена.
У сераду расейскія праваабарончыя арганізацыі зьвярнуліся ў Вярхоўны суд з просьбай адхіліць пазоў Міністэрства юстыцыі аб прызнаньні «міжнароднага грамадзкага руху ЛГБТ» экстрэмісцкім. Яны паказваюць на антыправавы характар іску, паколькі «міжнароднага грамадзкага руху ЛГБТ» не існуе як юрыдычна прызнанай арганізацыі.
«Немагчыма назваць „грамадзкім рухам“ групу людзей толькі на той падставе, што яны адносяцца да нейкай сацыяльнай групы або таму, што іх абʼядноўваюць нейкія асабістыя характарыстыкі. Гэта было б гэтак жа абсурдна, як, напрыклад, назваць „грамадзкім рухам“ усіх пэнсіянэраў ці людзей пэўнага этнасу», — цытуе праваабаронцаў выданьне «Медуза».
Зь сьнежня 2022 году ў Расеі забаронена распаўсюджваць пазытыўную інфармацыю аб гомасэксуальнасьці, бісэксуальнасьці і трансгендэрнасьці. За гэта прадугледжаныя штрафы да 400 тысяч рублёў для грамадзян і да 5 мільёнаў рублёў для арганізацый.
Паводле праваабаронцаў, пасьля пачатку вайны з Украінай і прыняцьця дыскрымінацыйных паправак 83% апытаных прадстаўнікоў ЛГБТ+ заўважылі ўзмацненьне гамафобных і/або трансфобных настрояў у расейскім грамадзтве. Таксама ЛГБТ-асобы сталі радзей зьвяртацца ў паліцыю ў выпадку дыскрымінацыі і гвалту: яны баяцца, што сутыкнуцца з паўторнай дыскрымінацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі Расеі запатрабавала прызнаць «рух ЛГБТ» экстрэмісцкім ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хірургія — доля мужчын», а чайлдфры і ЛГБТ — «пагроза нацыянальнай бясьпецы». Як чыноўнікі ў Беларусі прасоўваюць сэксізм і дыскрымінацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супольнасьць ЛГБТК+ у Беларусі па-ранейшаму стыгматызуецца — дасьледаваньне