Белстат апублікаваў статыстыку за 10 месяцаў 2023 году.
Як піша бізнэс-агенцва «Праймпресс», у студзені–кастрычніку 2023 году спад у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась склаў 5,8%.
Асабліва зьнізіліся тэмпы жыльлёвага будаўніцтва ў Гомельскай вобласьці — мінус амаль 30%, у Горадзенскай — мінус 13%.
Таксама значна скараціўся аб’ём жылой плошчы, пабудаванай для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоваў з выкарыстаньнем дзяржаўнай дапамогі. Для іх пабудавалі на 23% меней жылой плошчы, чым летась.
Пачынаючы з 2021 году, аб’ёмы будаўніцтва жыльля ў Беларусі скарачаюцца. Калі ў 2021 годзе пабудавалі 4,4 млн квадратных мэтраў жыльля, то ў 2022 годзе — 4,2 млн. А за 10 месяцаў 2023 году пабудавалі каля 3 млн квадратных мэтраў жылой плошчы.
Усе мінулыя гады аб’ём пабудаванай жылой плошчы зь дзяржаўнаю падтрымкаю заставаўся нязьменным і складаў каля 1,3 млн. квадратных мэтраў. У 2023 годзе за 10 месяцаў пабудавалі толькі 791,7 тысячы квадратных мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўхваліў ідэю зносу «хрушчовак» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьнясуць старую забудову ў раёне менскага велазаводу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1200 грамадзян выступілі супраць праекту забудовы мікрараёну Зялёны Бор. Але чыноўнікі адкінулі іхныя заўвагі