Пра настрой Рыгора Кастусёва Свабодзе расказаў ягоны зяць Зьміцер Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.
«Вельмі непакоіцца наконт лекаў, якія перадаюць з волі — што могуць да яго не дайсьці. Бо адчувае пагаршэнне стану ў сувязі з анкалягічнай хваробай», — кажа Антончык.
Былога старшыню Партыі БНФ і кандыдата на прэзыдэнта ў выбарах 2010 году Рыгора Кастусёва 11 лістапада перавялі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, дзе рэжым утрыманьня нязначна мякчэйшы ад ШЫЗА. Паводле сваякоў, спагнаньне для яго расьцягнецца на 4 месяцы. Між тым вядома, што Рыгору Кастусёву пастаўлены дыягназ анкалягічна хворага. Якое лячэньне аказваюць яму ў ПКТ калёніі, вядомай як «Воўчыя Норы», — невядома.
«Паводле пляну, які склалі дактары падчас абсьледаваньня, у лістападзе-снежні яму павінны рабіць аналіз крыві. Але ці будзе ён, невядома. Вынікаў абсьледаваньня дагэтуль не паведамляюць. Ён арыентуецца на самаадчуваньне, а яно ня робіцца лепшым. Яшчэ вельмі спадзяецца на мэдычную бандэроль», — паведаміў Зьміцер Антончык.
Пра ўмовы ўтрыманьня ў ПКТ, паводле Зьмітра Антончыка, Рыгор Кастусёў нічога не напісаў.
«Проста напісаў, што „пераехаў у іншае месца“, і больш пра ПКТ нічога. У лісьце больш пра тое, як ён чакаў спатканьня. Яно было заплянавана сёньня, 29 лістапада, ужо паперы былі падпісаныя, але замест гэтага ён сядзіць ў ПКТ. Вельмі шкадуе, што ня ўбачыўся з роднымі. Шмат асабістых зваротаў напісаў з гэтай прычыны. Зразумелы настрой, калі чалавек у такім фізычным стане, гэтак спадзяваўся на сустрэчу, а яна не адбылася. На маю думку, гэта таксама зьдзек», — мяркуе Зьміцер Антончык, зяць палітвязьня Рыгора Кастусёва.
Былому старшыню Партыі БНФ Рыгору Кастусёву 66 гадоў. У верасьні 2022 году суд прызнаў Кастусёва вінаватым у «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Яшчэ ў менскім СІЗА ў палітвязьня дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. Апошняе мэдычнае абсьледаваньне Кастусёў прайшоў у жніўні, але вынікаў агляду і аналізаў яму тады не паведамілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыгора Кастусёва вярнулі ў калёнію «Ваўчыныя норы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэмная адміністрацыя не паведамляе Рыгору Кастусёву вынікі анкалягічнага дасьледаваньня