Рашэньне набывае моц у ноч на чацьвер, 30 лістапада, перадае выданьне Yle. Міністарка унутраных справаў Фінляндыі Мары Ратанэн удакладніла, што хадайніцтва аб прытулку можна будзе падаць толькі ў партах і аэрапортах.
Як заявіў на прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Пэтэры Орпа, улады маюць намер спыніць «арганізаваную актыўнасьць Расеі ў гібрыдным уплыве на краіну». Орпа падкрэсьліў, што папярэднія закрыцьці памежных пераходаў на ўсходняй мяжы былі цяжкімі рашэньнямі і гібрыдны ўплыў да гэтага часу ня скончыўся.
У Фінляндыі Расею падазраюць у арганізацыі бесьперапыннага патоку просьбітаў прытулку на мяжы. Масква гэта адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя аб’явіла пра закрыцьцё 8 з 9 кантрольна-прапускных пунктаў на мяжы з РасеяйПаводле дадзеных фінскай памежнай службы, у лістападзе ў Фінляндыю з Расеі заехалі каля 900 мігрантаў з такіх краінаў, як Кенія, Марока, Самалі, Емэн, Сырыя, Пакістан. Раней колькасьць такіх просьбітаў за дзень часта не перавышала аднаго, адзначаюць супрацоўнікі ведамства.
Рашэньне Хельсынкі азначае, што паміж Фінляндыяй і Расеяй зараз магчымыя толькі грузавыя перавозкі, піша агенцтва DPA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: спроба Расеі стварыць на мяжы з Фінляндыяй мігранцкі крызіс, як у Беларусі, правалілася- У пачатку 2023 года Фінляндыя пачала будаўніцтва загараджальных збудаваньняў уздоўж мяжы з Расеяй, баючыся, што расейскі бок можа спрыяць пранікненьню празь мяжу мігрантаў з трэціх краінаў.
- Аналягічны міграцыйны крызіс з 2021 году адбываецца на межах Беларусі з суседзямі-краінамі Эўразьвязу і NATO — Літвой, Латвіяй і Польшчай. Пік міграцыйнага крызісу на межах Беларусі быў у 2021 году. У 2022 годзе паток мігрантаў паменшыўся, аднак у 2023 годзе ён істотна павялічыўся.
- 18 лістапада Фінляндыя закрыла на тры месяцы чатыры памежныя пункты пропуску ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны. 22 лістапада фінскі ўрад прыняў рашэньне закрыць да 23 сьнежня яшчэ тры КПП, пакінуўшы працуючым з васьмі толькі адзін пераход — самы паўночны «Рая-Йосэпі» (з расейскага боку — «Лота») у Мурманскай вобласьці. Улады гэтага расейскага рэгіёну пазьней паведамілі аб увядзеньні рэжыму павышанай гатоўнасьці з-за чаканьня вялікага патоку мігрантаў, якія імкнуцца ў Фінляндыю.