У Беларусі рэзкі рост цэнаў на сьвініну і кураціну

Каляж

Менскія гаспадыні расказалі Свабодзе пра рэзкі рост цэнаў на мяса, асабліва на самыя папулярныя гатункі сьвініны і кураціны.

З параўнаньня цэнаў у папулярнай беларускай сетцы крамаў «Эўраопт» вынікае, што цэны на звычайную тушку курыцы меней чым за паўгода падняліся амаль удвая.

Так, калі ў траўні «Эўраопт» прапаноўваў тушку кураняці-бройлера за 3 рублі 68 капеек за кіляграм, то сёньня ўжо за 6,68 рублёў за кіляграм.

Згодна з аглядам цэнаў на рэсурсе MyFin, які той правёў у чэрвені ў некалькіх беларускіх гандлёвых сетках, а таксама ў «Эўраопце», цэны за кіляграм шыйна-лапаткавай часткі сьвініны былі 9,85 рубля, сьцегнавая частка сьвініны каштавала ад 11 да 18 рублёў за 1 кг.

А сёньня «Эўраопт» прадае лапаткавую частку сьвініны па 17,41 рубель, шыйную частку — па 21,15 рубля, сьцегнавую — па 17 рублёў за кг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Недахоп працоўнай сілы і рост інфляцыі — галоўныя пагрозы для беларускай эканомікі, — Крук

Раней Свабода пісала, што ў кастрычніку ў Беларусі паскорылася інфляцыя і вырасьлі цэны на прадукты. Прычым мяса тады не было ў лідэрах росту цэнаў.

У тым месяцы зафіксавалі анамальна высокі рост цэнаў на гародніну і істотнае падаражэньне базавых прадуктаў накшталт хлеба і аўсянай кашы. У прыватнасьці, істотна падаражэлі сьвежыя таматы (66,3% да верасьня), салодкі перац (23,4%) і сьвежыя агуркі (19,3%).

Моцна падаражэў у мінулым месяцы і часнык, цана на які за кастрычнік вырасла ажно на 9,7%. Такі рост цаны можна назваць анамальным, бо нядаўна быў збор ураджаю і гэта ня імпартны прадукт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кастрычніку ў Беларусі паскорылася інфляцыя і вырасьлі цэны на прадукты. Што падаражэла найбольш

За кастрычнік заўважна вырасьлі цэны на алей, які за месяц падаражэў на 4,2%, рыс — на 3,8%, салёны селядзец — на 3,2%, кухонную соль — на 2,8%.

Што да мясных вырабаў, то ў мінулым месяцы было вядома пра рост цэнаў на мясны фарш — на 1,2%. Іншыя вырабы падаражэлі меней чым на 1%. Параўнаньні ж з чэрвенем паказваюць рост цэнаў на сьвініну і кураціну амаль удвая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са Смаленскай вобласьці ў Беларусь вярнулі 12 тон памідораў. Якая прычына