Праблемы зьвязаныя зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі пры спробе замяніць даляры на іншую валюту ў разьліках паміж індыйскімі пакупнікамі і расейскімі экспартэрамі нафты. Сёлета ў ліпені Індыя, якая зараз спажывае 60 працэнтаў экспартаванай морам расейскай нафты, аб’явіла, што мае намер аплачваць кантракты ў сваёй нацыянальнай валюце — рупіях, на што расейскія нафтавыя кампаніі адказалі адмовай і прыгразілі накіраваць нафту, прызначаную для Індыі, іншым пакупнікам.
Як піша Reuters, расейскі Цэнтрабанк даў нефармальнае ўказаньне не прымаць рупіі, бо яны не канвэртавальная валюта і прыдатныя практычна толькі для двухбаковага гандлю.
У Расеі гіганцкі прафіцыт гандлю зь Індыяй, імпарт з гэтай краіны ў Расею нязначны. У выніку перамоваў індыйскія імпартэры нафты заплацілі кітайскімі юанямі, ганконскімі далярамі і дырхамамі Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, курс якіх прывязаны да даляра. Але гэтае рашэньне часовае, бо Індыя ня хоча плаціць Расеі ў юанях. Падобныя праблемы з аплатай расейскага экспарту, паводле Reuters, могуць узьнікнуць у турэцкіх, кітайскіх і афрыканскіх пакупнікоў расейскай нафты.
Пошук альтэрнатывы амэрыканскаму даляру працягваецца, рашэньня праблемы не відаць. Крыніцы Reuters паведамляюць, што ў першыя месяцы году даўгі Індыі Расеі за пастаўкі нафты і іншых матэрыялаў склалі 40 мільярдаў даляраў, зараз яны зьменшыліся.
Але ў выніку ціску Вашынгтону банкі ААЭ ўзмацняюць кантроль над апэрацыямі з расейскімі кліентамі, патрабуючы пацьверджаньняў таго, што расейская нафта прадаецца за цану, ніжэйшую за «столь», вызначаную G-7.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белым доме ацанілі, як дзейнічае ўведзеная G-7 «столь цаны» на расейскую нафту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нафтаправодзе «Дружба» ў Польшчы знайшлі працёк