Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансэра Андрэя Толчына сьледчыя перадалі ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.
Як стала вядома БАЖ, журналіста вінавацяць не ў нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізьме паводле артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»), паведамляе БАЖ.
Якія канкрэтна дзеяньні ставяцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачаньне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень ня можа.
У Толчына зьявілася адвакатка, але яна таксама абмежаваная падпіскай пра невыдаваньне тайны сьледзтва.
Сябры і сваякі ўжо перадалі яму ў следчы ізалятар харчовыя перадачы, сродкі гігіены і цёплыя рэчы.
64-гадовы журналіст мае гіпэртанію, праблемы з нагамі.
Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала відэааператара Андрэя Толчына палітычным вязьнем.
Толчына затрымалі сілавікі сёлета 23 верасьня. На наступны дзень пасьля затрыманьня ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Сьледчыя забралі кампутарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 лістапада: 2 гады «хіміі» за камэнтар пра Лукашэнку ў Youtube, масавыя затрыманьні ў БаранавічахХто такі Андрэй Толчын
Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомля стаў прыкметнай асобай яшчэ ў 90-х гадах, калі Беларусь здабывала сваю незалежнасьць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень».
Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых.
На дэмакратычнай аснове абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадзкога савету 21-га скліканьня — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 году адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
У гарсавеце Андрэй уваходзіў у камісію па сувязях з грамадзкасьцю і СМІ. Быў сябрам зьліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадзкую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасьцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зьведаў таксама і беспрацоўе.
Пасьля выбараў 2010 году Толчын у якасьці відэааператара-фрылянсэра супрацоўнічаў з незалежнымі мэдыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і адпраўлялі на «суткі» за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэааператара-фрылансера не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.
У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асьвятленьне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.
Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам зь іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканьні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязьняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні звады і перашкодзе дзейнасьці ЦВК. Тады Толчын запісваў і камэнтар аднаго з дыпляматаў Эўразьвязу, што прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылянсэра забрала міліцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 лістапада: новы адзін вырак за ўдзел у пратэстах у Жлобіне; затрымалі сантэхніка з Бабруйска ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 лістапада: на жыхарку Берасьця завялі справу за «фінансаваньне экстрэмізму»; менчука асудзілі за пратэсты 2020 году