У Горадні пачынаюць судзіць палітзьняволеную, якую затрымалі па вяртаньні з Польшчы

Аляксандра Каско, архіўнае фота

30-гадовай палітзьняволенай Аляксандры Каско пагражае да 12 гадоў зьняволеньня, паведамляе «Вясна».

Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага 2023 года па вяртаньні з Польшчы. На наступны дзень cудзьдзя суду Ваўкавыскага раёну Мікалай Талашка арыштаваў яе на 10 сутак паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пасьля арышту яна на волю ня выйшла, супраць яе завялі крымінальныя справы.

Цяпер яе абвінавачваюць паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»); ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да пэрсанальных зьвестак»); ч. 1 і 2 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»); ч. 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»); ч. 2 арт. 367 («паклёп на Лукашэнку»); ч. 1 і 2 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»); арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); арт. 391 («Абраза судзьдзі»).

Каско пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Яе справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Бубенчык.

Яшчэ да суду, 12 верасьня 2023 году, КДБ унёс Аляксандру ў «сьпіс тэрарыстаў». Таксама яе дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 лістапада: на жыхарку Берасьця завялі справу за «фінансаваньне экстрэмізму»; менчука асудзілі за пратэсты 2020 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 лістапада: новы адзін вырак за ўдзел у пратэстах у Жлобіне; затрымалі сантэхніка з Бабруйска