Дакумэнтальная стужка «Беларусь 23.34» рэжысэркі Тацяны Сьвірэпы перамагла ў конкурснай праграме ІХ фэстывалю беларускіх фільмаў Bulbamovie, піша Reform.by.
У фільме сабраныя сьведчаньні беларусаў, якія перажылі рэпрэсіі ў жніўні-верасьні 2020 году. Стужку падтрымаў Аўдыёвізуальны інстытут Filmateka Narodowa ў сэкцыі «Маладога кіно».
Тацяна Сьвірэпа ў якасьці ўзнагароды атрымала магчымасьць карыстацца архівамі «Фільматэкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь 23.34». Расказваем пра новы фільм беларускай рэжысэркі Тацяны СьвірэпыФільм складаецца з вытрымак з 25 інтэрвію беларусаў, якія перажылі гвалт, і паўстае як хроніка болю, якая шакуе: ад 19-гадовага юнака да 69-гадовай пэнсіянэркі — беларусы гавораць пра тое, што ім давялося вытрымаць.
У «Беларусь 23.34» паказаны шлях затрыманага на акцыі пратэсту: марш і затрыманьне, паездка ў турэмным грузавіку, рэгістрацыя ў пастарунку міліцыі, суд, турма, вызваленьне і асэнсаваньне перажытага.
Назва «Беларусь 23.34» вынікае з тагачаснага нумару артыкулу ў Адміністрацыйным кодэксе, паводле якога пратэстоўцаў найчасьцей судзілі за масавыя выступленьні супраць уладаў у 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае, польскае ці эмігранцкае кіно? Што пакажуць на кінафэстывалі Bulbamovie