У Віцебску дзеля патрыятычнага выхаваньня паставяць 60-мэтровы флягшток. Падобны ў Гомлі абышоўся ў $ 700 000

Панарама Віцебска, ілюстрацыйнае фота

Віцебскі гарвыканкам апублікаваў плян узьвядзеньня тронца на плошчы 1000-годзьдзя Віцебска. Як гаворыцца ў апісаньні праекту, яго мэта «заключаецца ў павышэньні патрыятычнага выхаваньня ў насельніцтва і павелічэньні значнасьці дзяржаўных сымбаляў».

Вышыня будучай мачты для сьцяга ў Віцебску павінна скласьці ад 50 да 64,5 мэтраў. Такая ж 60-мэтровая канструкцыя ў Гомлі каштавала каля 700 000 даляраў, паведамляе «Флагшток». Аднак крыніцу фінансаваньня мясцовыя ўлады тады не раскрылі.

Акрамя таго, у Віцебску, як і ў Гомлі, пабудаваць мачту імкнуцца да прэзыдэнцкіх выбараў. Гомельскі адкрылі ў верасьні 2020 году.

Гомельскі тронец зьяўляецца другім па вышыні такім аб'ектам на тэрыторыі Беларусі. Першае месца – у 70-мэтровай стэлы на Плошчы дзяржаўнага сьцяга ў Менску.

Як і ў выпадку з Гомелем, у Віцебску абраны ўчастак у гістарычным цэнтры горада на набярэжнай Дзьвіны. Гэта тэрыторыя былога віцебскага замка, там зараз разьмяшчаецца мініятурная Дабравешчанская царква XII стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Новай Баравой пад Менскам вецер зламаў флягшток зь дзяржаўным сьцягам. Рамонтнікі прыбылі ў масках
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі зноў рамантуюць ганак аблвыканкаму. На яго папярэдні рамонт патрацілі 400 тысяч даляраў